Пасьля трагічнай сьмерці Рамана Бандарэнкі група віцебскіх лекараў запісала відэазварот да чыноўнікаў, у якім яны апавялі пра перасьлед мэдыкаў з палітычных матываў і выказалі салідарнасьць з памерлым пасьля зьбіцьця Раманам Бандарэнкам.
Спачатку лекары заткнулі сабе раты лейкаплястырам і пачалі свой зварот словамі: «Менавіта так, на думку чыноўнікаў, павінен выглядаць ідэальны ўрач. Хоць каго мы падманваем? Яны хочуць, каб так выглядаў кожны чалавек».
«І ўсё роўна, які ўзровень тваёй кваліфікацыі, усё роўна, колькі тысяч гадзін ты прастаяў за апэрацыйным сталом, усё роўна, колькі ўнікальных апэрацый ты зрабіў. І абсалютна ўсё роўна, колькі тысяч людзей ты вылечыў, выратаваў, паставіў на ногі, колькім людзям ты своечасова ўстанавіў дакладны дыягназ. Усё роўна, якая ў цябе катэгорыя, другая або вышэйшая. Усё роўна, прафэсар ты, асыстэнт, малодшы ці сярэдні мэдыцынскі пэрсанал. Важна толькі адно: ты павінен моўчкі і бесьпярэчна выконваць усё, што табе скажуць. Важна толькі адно: ты ня маеш права на ўласнае меркаваньне і выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі», — гаворыцца ў звароце.
«А калі адважыўся, адолеў свой страх і агучыў сваю грамадзянскую пазыцыю, якая разыходзіцца з пазыцыяй дзейнай улады, то ты ізгой, здраднік і вораг, зь якім трэба змагацца», — канстатуюць лекары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’і Бандарэнкі пакуль не аддаюць цела РаманаДалей яны зьвяртаюцца да чыноўнікаў: «Вы, чыноўнікі, пастаянна нагадваеце нам пра клятву Гіпакрата, заклікаеце да нашага сумленьня, кажаце пра мараль. Але мы ж лечым, нягледзячы ні на што, у той час, калі людзей зьбіваюць, затрымліваюць, садзяць у турмы, катуюць, калечаць і забіваюць падчас мірных акцый пратэсту. А якія давалі клятвы вы? Чые інтарэсы вы прадстаўляеце? Каму вы служыце? На каго працуеце? Як вы працуеце? Каго вы абараняеце? Вы і вашы сілавыя ведамствы. Мэдыкі, настаўнікі, рабочыя заводаў, індывідуальныя прадпрымальнікі, студэнты, пэнсіянэры — вось чые інтарэсы вы павінны былі прадстаўляць. Але падзеі апошніх месяцаў паказваюць сапраўднае становішча спраў».
«12 лістапада ў мінскай бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі, нягледзячы на ўсе намаганьні мэдыкаў, памёр Раман Бандарэнка, настаўнік маляваньня. Яму быў 31 год. Яго да сьмерці зьбілі невядомыя людзі ў масках. Пакуль невядомыя. І сёньня мы ўсе — Раман Бандарэнка. І мы выходзім», — завяршаюць свой зварот урачы, маючы на ўвазе апошняе паведамленьне Бандарэнкі («Я выходжу») перад выхадам у двор дома на вуліцы Чарвякова ў Менску («плошча Перамен»), куды прыехалі невядомыя зрываць нацыянальную сымболіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акадэміку Мрочаку падпалілі лецішча і пакінулі запіску з пагрозаміУ запісе звароту прынялі ўдзел 10 лекараў:
- анэстэзіёлаяг-рэаніматоляг Анастасія Александровіч,
- траўматоляг Вадзім Ягораў,
- акушэр-гінэколяг Кацярына Мілер,
- акушэр-гінэколяг Ганна Іванова,
- анколяг Ганна Гайдаш,
- анэстэзіёляг-рэаніматоляг Расьціслаў Савіцкі,
- патолягаанатам Дзьмітрый Хальцаў,
- эндаскапіст Ірына Іванова,
- тэрапэўт Вольга Сварцэвіч,
- лекар ультрагукавай дыягностыкі Сяргей Кічыгін.
Першы зварот віцебскія мэдыкі запісалі ў сярэдзіне кастрычніка. Яны запатрабавалі вызваліць мэдработнікаў і іншых грамадзян, «затрыманых па палітычных матывах і падчас мірных акцый пратэсту», а таксама «спыніць любыя перасьледы альтэрнатыўных дзяржаўнаму меркаваньняў і выказваньняў».
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».