Маскоўская друкарня, у якой друкавалася «Народная воля», разарвала зь ёй дамову пасьля таго, як 13 лістапада ў рэдакцыю прыйшоў АМАП, а невядомыя забралі ўвесь наклад газэты, паведаміў Tut.by.
Больш за тое, расейскі спажыўнагляд закрыў тую друкарню на 20 дзён.
Яшчэ тры маскоўскія друкарні адмовіліся браць «Народную волю». «Баяцца страціць бізнэс», — сказала мэнэджар у рэкляме «Народнай волі» Настасься Шаркевіч.
«Многія нашы чытачы і падпісчыкі — гэта людзі, старэйшыя за 60 гадоў. Мы ім асабіста дастаўляем газэты. Яны кажуць, што для іх гэта быў праменьчык сьвятла. Некаторыя нашыя валянтэры едуць у вёскі за 200–300 км, каб даставіць пэнсіянэрам газэту. Цяпер яны пазбавяцца газэты», — сказала Шаркевіч.
«Белгазету», «„Комсомольскую правду“ в Белоруссии», «Народную волю» і «Свободные новости плюс» з канца жніўня не друкуе дзяржаўны Дом друку (фармальная прычына — зламалася абсталяваньне) і не распаўсюджвае па падпісцы і ў раздроб «Белпошта» і «Белсаюздрук», якія таксама належаць дзяржаве.
«Белпошта» не ўключыла іх і ў падпісны каталёг на 2021 год.
Недзяржаўныя выданьні, у тым ліку «Народная воля» і «Наша ніва», ужо зьнікалі з каталёгу «Белпошты» і сеткі распаўсюду ў 2006–2008 гадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя прыйшлі ў рэдакцыю «Народнай волі» і забралі ўвесь наклад газэты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная рэдактарка «Газеты Слонімскай» пакінула Беларусь праз пагрозу крымінальнага перасьледу