Паліцыя Лёндану расьсьледуе, хто зьнішчыў народны мэмарыял памяці Бандарэнкі ля амбасады Беларусі

Мэмарыял памяці Бандарэнкі ля амбасады Беларусі ў Лёндане. Вечар 14 лістапада.

Лёнданская паліцыя вядзе расьсьледаваньне зьнішчэньня народнага мэмарыялу памяці Рамана Бандарэнкі ля амбасады Беларусі. Яго стварылі беларусы Брытаніі і неабыякавыя да сытуацыі ў Беларусі грамадзяне Вялікай Брытаніі.

Вось што расказала Свабодзе Элісан Кэмэран, якая ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і выказвае салідарнасьць зь мірным пратэстам у Беларусі.

«Наш мэмарыял зьявіўся насупраць амбасады Беларусі яшчэ ўлетку. Спачатку людзі ўскладалі кветкі на прыступкі амбасады. Супрацоўнікі амбасады скардзіліся, і мы пагадзіліся перанесьці яго ў іншае месца, праз дарогу. За ім штодня даглядалі актывісты дыяспары і сябры», – кажа Элісан.

  • Элісан Кэмэран — сябра Ангельска-беларускага таварыства. У 1990-ыя яна кіравала праектамі, зьвязанымі зь Беларусьсю. Цяпер Элісан — дарадца новага Фонду жанчын Беларусі, які ствараецца Веранікай Цапкалай і іншымі беларускімі жанчынамі.

Паводле Элісан Кэмэран, 13 лістапада ўвечары актывісты сабраліся там ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі. Яны сьпявалі, чыталі вершы і выступалі з прамовамі. А ў суботу раніцай мэмарыял быў цалкам зьнішчаны. Элісан напісала пра гэта ў твітэры, паліцыя зьвязалася зь ёй і запытала, ці ня хоча яна паведаміць пра гэта як пра крадзеж, што Кэмэрон і зрабіла.

Элісан Камэрон перакананая, што паколькі народны мэмарыял не знаходзіцца на тэрыторыі амбасады Беларусі, дыпляматычнае прадстаўніцтва ня мае права перашкаджаць людзям ушаноўваць памяць і выказваць там сваю пазыцыю.

Before and after. Our memorial to those who have lost their lives in the state violence in #Belarus as we left it last...

Posted by Alison Cameron on Saturday, November 14, 2020

«У цэлым наша паліцыя і мясцовыя органы ўлады не перашкаджаюць мэмарыялам. Прыбіральшчыкам вуліц забаронена перамяшчаць такія рэчы. Гэтая пляцоўка знаходзілася не на ходніках, і не стварала перашкодаў. Паліцыя вядзе расьсьледаваньне, і я спадзяюся, што ў выпадку неабходнасьці мы зможам дакладна ўстанавіць, хто прыбраў мэмарыял, выкарыстоўваючы запісы відэаназіраньня».

А ўвечары 14 лістапада брытанскія беларусы аднавілі мэмарыял ля беларускай амбасады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лёндане правялі «Евалюцыю» — «ланцуг салідарнасьці» ў масках Евы з арыштаванай у Беларусі карціны Суціна