Былога кіраўніка Службы нацыянальнай бясьпекі Армэніі Артура Ванэт'яна затрымалі праз падазрэньне ў падрыхтоўцы забойства прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна і ўзурпацыі ўлады. Пра гэта паведамляе «Sputnik Армения» са спасылкай на яго адваката Лусінэ Саак'ян.
Адвакат назвала крымінальную справу супраць Ванэт'яна «ганебным палітычным перасьледам».
Раней Ванэт'яна, які ўзначальвае партыю «Радзіма», затрымалі пасьля акцыі пратэсту ў Ерэване 11 лістапада. Удзельнікі акцыі запатрабавалі адстаўкі Пашыньяна і адмовы ад пагадненьня па Нагорным Карабаху. Пазьней Ванэт'яна выклікалі ў Сьледчую службу Армэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване вызвалілі некалькі затрыманых раней лідэраў апазыцыі- 9 лістапада лідэры Расеі, Армэніі і Азэрбайджану падпісалі трохбаковае пагадненьне аб спыненьні агню ў Нагорным Карабаху.
- Паводле дамовы, тры рэгіёны Карабаху пяройдуць пад кантроль Азэрбайджану, а Расея ўвядзе ў зону канфлікту каля дзьвюх тысяч міратворцаў.
- Падпісаньне пагадненьня выклікала пратэсты ў Ерэване.