Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Латвіі з прэзыдэнтам гэтай краіны, прэм’ерам, міністрам замежных спраў і латвійскімі НДА.
Чакаецца, што ў бліжэйшы час Латвія і іншыя балтыйскія краіны ўвядуць пашыраны сьпіс індывідуальных санкцый, які можа ўключаць у сябе сотні імёнаў людзей, вінаватых у фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіях.
Да якіх санкцыяў заклікала Ціханоўская:
- каб Нацыянальны банк Латвіі спыніў супрацоўніцтва зь дзяржбанкамі — Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам;
- да эканамічных санкцыяў супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія звальняюць работнікаў за страйк;
- заклікала перагледзець кантракты аб закупах нафтапрадуктаў і мэталапрадукцыі, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасьці і алькаголю зь Беларусі;
- падтрымала ідэю накласьці эканамічныя санкцыі на бізнэсы, зьвязаныя з Лукашэнкам і набліжанымі да яго алігархамі;
- зьвярнулася да міністра Рынкевічса з просьбай падтрымаць міжнароднае расьсьледаваньне ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі і абвясьціць арганізацыі ГУБАЗіК і АМАП экстрэмісцкімі;
- абмеркавала з кіраўніцтвам Латвіі магчымасьць адмены або пераносу чэмпіянату сьвету па хакеі зь Менску (плянавалася, што чэмпіянат пройдзе ў Менску і Рызе).
Прэзыдэнт Латвіі Левітс заявіў, што лічыць Сьвятлану Ціханоўскую прызнаным прадстаўніком народу Беларусі, і падтрымаў ідэю пашырэньня санкцыйных сьпісаў на ўзроўні ЭЗ, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Святлана Ціханоўская выступіла ў Рызе на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі