Не працягнулі кантракт кандыдату філялягічных навук, аўтару падручнікаў Ягору Прыстаўку, які больш за 15 гадоў адпрацаваў на філялягічным факультэце БДУ.
На факультэце ён выкладаў старажытныя мовы і антычную літаратуру.
«Мяне звольнілі. Подла і моўчкі. Выклікалі ў рэктарат і далі на подпіс паперу, не працягнулі кантракт. Праз 30 дзён я беспрацоўны. Усе пытаюць: «За што?». А са мной не размаўлялі і прычын не тлумачылі. Ды я і сам ведаю», — напісаў ён у Facebook.
«Бо не маўчаў і не хаваўся ў бульбу, калі ў краіне адбываецца маральная і прававая катастрофа. Заступіўся за студэнтак, калі іх за збор подпісаў у дворыку філфаку арыштавалі і асудзілі. Разам з калегамі запісаў відэазварот з асуджэньнем гвалту. Выказаў салідарнасьць з арыштаванай Натальляй Дулінай. Даў інтэрвію Белсату», — піша выкладчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не супакояцца ні выкладчыкі, ні студэнты», — выкладчыца БДУ аб пратэстахПрыстаўка піша, што ў БДУ вучыўся на спэцыяльнасьці «клясычная філялёгія», абараніў дысэртацыю пад кіраўніцтвам праф. Н.Б. Мячкоўскай, 15 гадоў выкладаў старажытныя мовы і антычную літаратуру, працаваў на філялягічным, гістарычным, юрыдычным, хімічным, біялягічным і іншых факультэтах, і ўсюды выкладаў па-беларуску.
«Я люблю сваю працу. Але болей я люблю сваю краіну. Цешыць мяне, што гэта ненадоўга. Хутка паўстане новая Беларусь і новы БДУ. Жыве!», — напісаў звольнены выкладчык.
Кіраўніцтва філялягічнага факультэту БДУ недаступнае для камэнтару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 выкладчыкаў БДУ запісалі зварот у адказ на перасьлед калег і студэнтаў. ВІДЭА