Ізраільскі грамадзянін Аляксандар Фруман, які ў жніўні быў затрыманы ў Менску на 78 гадзін і перажыў зьдзекі сілавікоў, 13 лістапада падаў заяву ў ізраільскую паліцыю, паведамляе суполка «Беларусы ў Ізраілі».
Фруман спадзяецца на прымяненьне ўнівэрсальнай юрысдыкцыі ў дачыненьнні да беларускіх сілавікоў. Імёны сваіх крыўдзіцеляў Аляксандар даведаўся з апазыцыйных Тэлеграм-каналаў.
Аляксандар Фруман, спэцыяліст па базах дадзеных і статыстыкі быў затрыманы ў Менску, на праспэкце Незалежнасьці, калі гуляў разам з жонкай. Пасьля таго, як ён сфатаграфаваў тэлефонам аўтобус зь міліцыянтамі, яго нечакана схапілі людзі ў чорным, зьбілі і пасадзілі ў аўтазак, працягваючы наносіць ўдары дубінкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «АМАП абяцаў мне другое абразаньне». Грамадзянін Ізраілю пра жахі АкрэсьцінаАляксандар Фруман пракамэнтаваў для Радыё Свабода свой сёньняшні крок:
«Пасьля падачы маёй заявы яны мусяць пачаць расьсьледаваньне. Запытаць відэа з вонкавых камэр унутранага двара Савецкага РУУС. Прасіць допыту тых, хто ў гэтым удзельнічаў. Я перадаў паліцыі ўсе імёны супрацоўнікаў РУУС і некалькіх дакладна апісаў, што яны кіравалі катаваньнямі. Таксама яны мусяць дапытваць сьведак, хлопцаў і дзяўчат, што былі са мной падчас усяго зьняволеньня.
Паводле закону ізраільская паліцыя абавязаная гэта зрабіць, у нас жа не Беларусь. Інакш да іх будуць ужытыя санкцыі за бязьдзейнасьць. Для мяне важная дамагчыся, каб іх унесьлі ў сьпісы невыязных і падалі іх у міжнародны вышук».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільцяне паскардзіліся свайму прэм’еру, што Ізраіль ігнараваў гвалт супраць сваіх грамадзянаў у БеларусіПадчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі затрыманыя і іншыя ізраільскія грамадзяне — Арцём Пронін, Станіслаў Рабунскі і Ганна Сіроціна.