Алане Гебрэмарыям абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту на два месяцы.
Яна падазраваная, цягам 10 дзён ёй павінна быць прад'яўлена абвінавачаньне, у адваротным выпадку падазраванага павінны вызваліць. Алана цяпер у СІЗА КДБ, паведамілі ў Каардынацыйнай радзе.
Затрыманая 12 лістапада ў Менску актывістка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і ініцыятывы «Моладзевы блёк», сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі (КР), прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям прызнаная падазраванай у крымінальнай справе.
Справу завялі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Гебрэмарыям пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі, яна ў СІЗА КДБ.
12 лістапада прайшлі ператрусы ў сямі актывістаў ЗБС, у тым ліку ў Гэбрэмарыям. Учора ўвечары, паводле зьвестак праваабаронцаў, Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, Кася Будзько і Яна Арабейка таксама знаходзіліся ў КДБ.
Гэбрэмарыям дапамагала студэнтам, якія падпалі пад рэпрэсіі за сваю пазыцыю. Была кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба ўсіх саслаць у лягеры!» Як галасавалі на ўчастках дзьвюх самых маладых кандыдатак