Сьвятлана Ціханоўская зрабіла заяву аб абвяшчэньні народнага трыбуналу. Згодна з плянам, беларусы канфідэнцыйна могуць даслаць у цэнтралізаваную сыстэму сьведчаньні злачынстваў, а потым онлайн-галасаваньнем запатрабаваць справядлівага суду.
«Калі дзяржаўная судовая сыстэма не працуе, мы дамо рады безь яе. Адказаць мусіць кожны, хто цынічна парушыў і парушае закон: ад членаў выбарчых камісій і праўладных назіральнікаў да чыноўнікаў, ідэолягаў і афіцэраў, якія аддавалі і выконвалі злачынныя загады», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ультыматум Ціханоўскай»: ці здасца Лукашэнка і што зробіць народ. ВІДЭАДЫСКУСІЯУ пляне, сярод іншага, прапануецца:
- Для супрацоўнікаў сілавых структур запускаецца праграма «Рапарт», якая канфідэнцыйна і бясьпечна дасьць магчымасьць падаць відэа і іншыя сьведчаньні выкананьня або ўдзелу ў выкананьні злачынных загадаў. Кожны, хто гэта зробіць, можа разьлічваць на амністыю альбо зьмякчэньне крымінальнай адказнасьці.
- На плятформе «Голас» будзе праведзены працэс Народнага Абвінавачваньня па матэрыялах, сабраных праз сыстэму фіксацыі і пацьверджаньня сьведчаньняў злачынстваў. Кожны беларус зможа прагаласаваць за абвінавачваньне падазраваных. «Мы не выносім прысуду да сумленнага суду, але ўсе людзі, за абвінавачваньне якіх прагаласуе народ Беларусі, першымі будуць прыцягнутыя да адказнасьці».
«Гэты плян мае дзьве мэты: спыніць беззаконьне і паказаць, што баяцца павінны не пратэстоўцы, а тыя, хто ўчыняе злачынствы супраць іх. Мінуў час, калі можна проста забіваць людзей з упэўненасьцю, што за гэта нічога ня будзе. Мінуў час, калі „не да закону“. З гэтага дня гарант закону — народ Беларусі», — сказана ў заяве.