Генпракуратура ўзяла на сябе расьсьледаваньне акалічнасьцяў сьмерці Рамана Бандарэнкі. Крымінальнай справы няма

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску

Паводле рашэньня генэральнага пракурора, далейшыя працэсуальныя дзеяньні па высьвятленьні акалічнасьцяў сьмерці Рамана Бандарэнкі праводзіць генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь», – паведамляецца ў тэлеграм-канале Генпракуратуры.

Інфармацыі, што заведзеная крымінальная справа, няма.

Няма крымінальных справаў і па іншых фактах сьмерцяў і катаваньняў удзельнікаў дэманстрацый супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 9 жніўня.

13 лістапада стала вядома, што Сьледчы камітэт прыпыніў праверку гібелі Тарайкоўскага, крымінальнай справы па факце сьмерці няма.

Алена Герман, удава Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў падчас разгону пратэстаў 10 жніўня ў Менску, паведаміла Свабодзе, што ўпраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Менску прыпыніла праверку па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Алена даведалася пра гэта ад адваката. Расьсьледаваньне прыпынілі на максымальны тэрмін — 3 месяцы.

«Гэта было прадказальна, я была ўпэўненая, што крымінальнай справы не завядуць. Але гэта не канчатковая адмова. Што ж, пачакаем яшчэ тры месяцы, будзем падаваць новыя хадайніцтвы, каб крымінальная справа была заведзеная»,— сказала Алена Герман.