Стэфановіч зьвярнуўся да генпракурора, каб завёў крымінальную справу супраць выкрадальнікаў Калесьнікавай

Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава.

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч зьвярнуўся да Генэральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа з просьбай завесьці крымінальную справу на службовых асоб, датычных да затрыманьня і ціску на сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву.

Як паведамляе «Вясна», Стэфановіч у сваім звароце піша, што ў публікацыях шэрагу СМІ за 10 лістапада зьмяшчаецца інфармацыя аб тым, што, са слоў Калесьнікавай, 7 верасьня яна была затрыманая невядомымі асобамі ў цэнтры Менску і дастаўленая ў кабінэт начальніка ГУБАЗіК МУС Карпянкова М.М., у якім прысутнічалі таксама намесьнік міністра МУС Казакевіч Г.А., начальнік ААЦ Паўлючэнка А.Ю. Падчас «размовы» гэтыя высокапастаўленыя службовыя асобы абражалі і запалохвалі М. Калесьнікаву, у тым ліку пагражалі ёй забойствам у выпадку яе адмовы пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

«Агучаная Калесьнікавай інфармацыя аб акалічнасьцях яе затрыманьня, запалохваньня і ціску на яе з боку дзяржаўных асобаў МУС, спробаў яе нядобраахвотнага выдварэньня за межы краіны ўказваюць на наяўнасьць складу злачынства ў дзеяньнях начальніка ГУБАЗіК Карпянкова М.М., намесьніка міністра МУС Казакевіча Г.А., начальніка ААЦ Паўлючэнкі А.Ю, у тым ліку — перавышэньне імі сваіх службовых паўнамоцтваў», — лічыць Валянцін Стэфановіч.

А паколькі адной з падставаў для завядзеньня крымінальнай справы згодна з ч. 4 арт 166 КПК Рэспублікі Беларусь зьўляецца паведамленьне аб злачынстве ў СМІ, праваабаронца просіць Генэральнага пракурора правесьці праверку выкладзеных у заяве фактаў і завесьці крымінальную справу.