У двары ў Горадні ўвечары затрымалі 17 чалавек

Ілюстрацыйнае фота.

У двары на вуліцы Курчатава ў Горадні 11 лістапада ўвечары затрымалі 17 чалавек, паведамляе S13. Пасьля прафіляктычнай гутаркі ў Ленінскім РАУС усіх адпусьцілі, паведамляе Tut.by.

Затрыманых зьнялі на відэакамэру і далі падпісаць паперу аб папярэджаньні. Адной з жанчын стала дрэнна — яе павезла «хуткая», расказалі відавочцы.

На раённыя чаяваньні горадзенцы традыцыйна зьбіраюцца па серадах і суботах.

— Ужо ў мінулую суботу на наша звыклае месца прыехалі танаваныя бусы, таму нам давялося зьмяніць месца збору. Учора мы традыцыйна сабраліся на чаяваньне, у нейкі момант у двор прыехалі некалькі мікрааўтобусаў, зь іх выйшлі каля 40 амапаўцаў — і пачаліся затрыманьні.

Усіх затрыманых адвезьлі ў Ленінскі РАУС. Там спыталі, што яны рабілі на вуліцы, папярэдзілі пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і адпусьцілі.

У гэты ж вечар у многіх горадзенскіх раёнах выйшлі людзі на знак салідарнасьці з затрыманымі, кажуць відавочцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем партызаніць зь песьнямі». Музыкі выступаюць у менскіх дварах, нягледзячы на затрыманьні


Афіцыйны прадстаўнік УУС па Горадзенскай вобласьці Яўген Дудко даў мясцоваму парталу newgrodno. by камэнтар наконт учорашніх затрыманьняў на Курчатава:

— Каля 21:00 на вуліцы Курчатава ў дварах сабраліся грамадзяне. Нам паступіла паведамленьне аб тым, што ў дварах сабралася вялікая колькасць людзей. На месца прыбылі супрацоўнікі АМАПу. У Ленінскі РАУС былі дастаўлены 17 чалавек: 13 жанчын і 4 мужчыны. У іх праверылі дакумэнты для высьвятленьня асобы, правялі гутарку і ўсіх адпусьцілі дадому.

Прадстаўнік міліцыі Горадзеншчыны палічыў магчымым ацаніць «нармальнасьць» удзельнікаў чаяваньня: «Нармальныя людзі ў вячэрні час у лістападзе п’юць гарбату дома».