Кіраўніца РСЭ/РС Дэйзі Сындэляр выступіла з заявай з нагоды затрыманьня журналіста Алега Грузьдзіловіча і суду над ім.
Суд у Менску асудзіў вэтэрана Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча на 15 сутак арышту, прызнаўшы яго вінаватым ва «ўдзеле» ў вулічнай акцыі пратэсту — мерапрыемстве, якое Грузьдзіловіч асьвятляў як рэпартэр. Арышт Грузьдзіловіча, гаворыцца ў заяве РСЭ/РС, — гэта эскаляцыя працяглай атакі на свабоду прэсы ў краіне.
«Спачатку беларускія ўлады паставілі працу журналістаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода па-за законам, пазбавіўшы іх акрэдытацыі. Калі адданыя сваёй справе журналісты знайшлі спосаб так ці інакш працаваць, улады абралі яшчэ больш жорсткую тактыку — перасьледы, пагрозы, арышты», — заявіла Дэйзі Сындэляр. — Гэта відавочнае пакараньне за іх працу, якая асьвятляе надзвычайныя пасьлявыбарныя падзеі ў Беларусі, і гэта непрымальна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаў летапісцам рэпрэсій у сувэрэннай Беларусі. Журналіст Алег Грузьдзіловіч — на Акрэсьціна61-гадовы Грузьдзіловіч быў затрыманы ў сваёй кватэры 10 лістапада. 12 лістапада суд прызнаў яго вінаватым ва «ўдзеле» ў акцыях пратэсту, нягледзячы на дакладны відэадоказ таго, што на самой справе ён выконваў свае журналісцкія абавязкі.Грузьдзіловіч стаў 17-м незалежным журналістам, які на сёньня ў Беларусі асуджаны да турэмнага зьняволеньня за сваю працу.
«За тры дзесяцігодзьдзі нашай працы ў Беларусі мы ня бачылі такога ціску на нашых калег. Гэта скаардынаваная атака на свабоду прэсы і спроба перашкодзіць асьвятляць цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі», — заявіў дырэктар Беларускай службы РС Аляксандар Лукашук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 15 сутак за «ўдзел» у акцыі пратэстуЖурналісты Беларускай службы РС былі ня раз затрыманыя, зьбітыя і зьняволеныя цягам выбарчай кампаніі, у тым ліку і Антон Трафімовіч, якому зламалі нос пасьля затрыманьня.
- За кратамі застаецца кансультант РСЭ/РС вядомы блогер Ігар Лосік, арыштаваны 25 чэрвеня і абвінавачаны ў «падрыхтоўцы да парушэньня грамадзкага парадку» перад выбарамі. 21 жніўня быў заблякаваны доступ да сайта www.svaboda.org, а на пачатку кастрычніка ўрад скасаваў акрэдытацыю ў Беларусі журналістаў РСЭ/РС, а таксама ўсіх іншых рэпартэраў, якія працавалі на замежныя СМІ ў краіне.
- З асуджэньнем перасьледу прэсы ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў выступілі ЗША, кіраўніцтва і краіны Эўразьвязу, АБСЭ, міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі.