Эстонія ў Радзе бясьпекі ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалт і правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары. Абмеркаваньне гэтага пытаньня адбылося ў Радзе бясьпекі ААН 11 лістапада з ініцыятывы Эстоніі, Бэльгіі, Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі, паведамляе прэс-служба эстонскага Міністэрства замежных спраў.
«Эстонія як абраны член Рады бясьпекі ААН лічыць важным зьвярнуць увагу на гвалт з боку беларускіх уладаў і паказаць народу Беларусі, што міжнародная супольнасьць яго не забыла», — прыводзіць прэс-служба словы кіраўніка эстонскага МЗС Урмаса Рэйнсалу.
Пастаянны прадстаўнік Эстоніі пры ААН Свэн Юргенсан нагадаў на пасяджэньні, што «два месяцы таму Эстонія склікала нефармальнае пасяджэньне Рады бясьпекі, прысьвечанае трывожнай сытуацыі ў Беларусі».
«На жаль, з тых часоў сытуацыя не палепшылася. Наадварот, узмацніўся гвалт, мы чулі пра новыя выпадкі катаваньняў, гвалтоўных зьнікненьняў, сэксуальнага гвалту і іншых злачынстваў і прыніжэньняў», — сказаў Юргенсан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША Пампэо: Палітвязьні ў Беларусі павінны быць вызваленыя