Суд Хойніцкага раёну 12 лістапада пачаў разгляд крымінальнай справы паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта»). Абвінавачаны — жыхар Гомля, інвалід другой групы ў сувязі з анкалягічным захворваньнем Аляксей Раманаў.
Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Сьвятланы Ціханоўскай як валянтэр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня ён нэгатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу.
У крымінальнай справе зазначана, што Аляксей Раманаў, «маючы намер публічна абразіць прэзыдэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспэртызай, зьмяшчаюць нэгатыўную ацэнку прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскага актывіста будуць судзіць за абразу прэзыдэнтаАляксей прызнаў сябе вінаватым у тым, што абразіў чалавека Лукашэнку, але не прэзыдэнта.
«Прэзыдэнта я не абражаў. Бо я не лічу Лукашэнку прэзыдэнтам, ён нелегітымны», — патлумачыў Свабодзе актывіст.
Паседжаньне на патрабаваньне пракурора Андрэя Судома праходзіла ў закрытым рэжыме. Пракурор запатрабаваў пакараць Аляксея калёніяй на адзін год. Адвакатка Рагнеда Тагай выказалася, што яе падабароннага варта пакараць штрафам.
Прысуд абвесьцяць 18 лістапада.