Рэспубліканцы атрымалі палову месцаў у Сэнаце ЗША

Пасяджэньне Сэнату ЗША ў лютым 2020 г.

Рэспубліканскі сэнатар ад Аляскі Дэн Саліван дамогся перавыбраньня. Гэта азначае, што рэспубліканцы атрымалі ня менш за 50 месцаў у Сэнаце на наступныя два гады, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Такім чынам, пытаньне аб тым, хто будзе кантраляваць Сэнат, вырашыцца толькі пасьля другога туру на выбарах у дзьвюх акругах Джорджыі 5 студзеня 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Джо Байдэн? Расказваем, як 77-гадовы палітык з трэцяй спробы займае Белы дом

Дваім дзейным рэспубліканскім сэнатарам ад Джорджыі, Дэйвіду Пэрд’ю і Кэлі Лэфлэр, не ўдалося атрымаць большасьці галасоў выбарнікаў у першым туры, што прывяло да абвяшчэньня другога туру.

Пэрдʼю супрацьстаіць дэмакрат Джон Осаф — журналіст-дасьледчык, якому не хапіла крыху галасоў для перамогі на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2017 годзе, пасьля чаго ён паспрабаваў заняць месца Пэрдʼю ў Сэнаце, якое той займае з 2015 году.

Супернікам Лэфлэр, прызначанай у Сэнат ў пачатку 2020 году, зьяўляецца Рафаэл Ўорнак — прагрэсіўны дэмакрат і старшы пастар баптысцкай царквы ў Атланце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камала Гарыс: ад «каляровай» дачкі эмігрантаў да віцэ-прэзыдэнта ЗША

Калі рэспубліканцам удасца захаваць хаця б адно месца ў Джорджыі, яны будуць мець большасьць у Сэнаце на наступныя два гады. Але калі там перамогуць і Осаф, і Ўорнак, то рэспубліканцы і дэмакраты падзеляць Сэнат роўна напалам, атрымаўшы па 50 месцаў.

У выпадку, калі пры галасаваньні ў Сэнаце галасы падзяляюцца пароўну, вырашальны голас належыць віцэ-прэзыдэнту.