«Аслабіць і разьяднаць лукашэнкаўскія сілы». Франак Вячорка расказаў пра новую тактыку пратэстаў

Сьвятлана Ціханоўская

У інтэрвію тэлеканалу «Дождь» Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што трэба мяняць тактыку пратэстаў. У чым можа палягаць гэтая зьмена, якія варыянты зьмены абмяркоўваюцца? Ці азначае яна адмову ад вулічных акцыяў? Як Ціханоўская прапануе адказваць на палітычныя пляны ўладаў — правядзеньне ўсебеларускага сходу і канстытуцыйную рэформу?

На гэтыя пытаньні палітычнага аглядальніка Свабоды Юрыя Дракахруста адказвае дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Трэба знайсьці разумны балянс паміж вуліцай і эканамічным пратэстам»

— Франак, ці можаце вы сказаць, якія падыходы да новай тактыкі ў камандзе Ціханоўскай?

— Ёсьць дзьве асноўныя рухаючыя сілы пратэстаў — гэта вулічны пратэст і гэта страйкавы рух. Асноўнае — гэта вуліца. Вуліца ў нядзелю — гэта масавы марш, ён мае тэрапэўтычнае значэньне, многія людзі ходзяць на нядзельныя маршы, каб падсілкавацца энэргіяй ад іншых людзей. Калі людзі ня могуць сабрацца разам, гэтага прыліву пазытыву не адбываецца. І наступае дэпрэсія ад шэрасьці, ад АМАПу, ад арыштаў. У апошнія тыдні мы назіраем новую тактыку ўладаў, яны не даюць людзям сабрацца разам.

Эканамічны прэсінг, ціск — гэта другая рухаючая сіла пратэсту. Была спроба правесьці страйкі адразу пасьля выбараў, і другая спроба — гэта ўльтыматум Ціханоўскай 26 кастрычніка. Страйкі ўзьнікаюць, але ўлады іх вельмі жорстка падаўляюць.

Цяпер трэба знайсьці разумны балянс паміж вуліцай і эканамічным пратэстам, які паралізуе сыстэму. Таксама важна наносіць удары ў межах кампаніі шэймінгу — гэта складаньне «чорнай кнігі» рэжыму, выяўленьне амапаўцаў і чыноўнікаў, якія бяруць удзел у злачынствах. Гэтыя тактыкі дазваляюць аслабіць і разьяднаць лукашэнкаўскія сілы.

«Зьмена тактыкі можа быць толькі ва ўзмацненьні ціску»

— Крытыкі могуць сказаць, што нават размовамі пра зьмену тактыкі Ціханоўская «зьлівае пратэст», маўляў, гэтага ж хоча і рэжым, да гэтага заклікае і Юры Васкрасенскі, былы палітвязень, які агучвае тактыку ўладаў. Ці ня дзейнічае Ціханоўская ў тым жа рэчышчы?

— Не ідзецца пра адмену нядзельных маршаў і асноўных акцыяў. Але цяпер з розных прычын прыпыняюцца жаночыя маршы, якія праводзіліся па суботах. Цяпер па суботах будуць іншыя формы акцыяў, такія як ланцугі салідарнасьці ў дварах і на раёнах. А нядзельныя маршы працягнуцца, хаця будзе мяняцца час і месца маршаў.

Некаторыя лічаць, што марш у апошнюю нядзелю — гэта была вялікая параза. Але гэта не было паразай. 1000 затрыманых сьведчыць пра маштабы акцыі. Было ў ёй удзельнікаў 30 ці 100 тысячаў, мы ня можам сказаць, але неабходнасьць для ўладаў затрымліваць шмат людзей сьведчыць пра тое, што акцыя была вельмі буйная.

Таму ніхто не зьбіраецца казаць, што мы прайгралі ў мінулую нядзелю і трэба гэтыя акцыі спыняць. Сьвятлана пра гэта не казала.

Яе словы пра зьмену тактыкі былі вырваныя з кантэксту. Зьмена тактыкі можа быць толькі ва ўзмацненьні ціску, у наданьні новых элемэнтаў барацьбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што тактыку пратэстаў неабходна зьмяніць

— Вы дарадца Ціханоўскай. А калі яна сама можа агучыць гэтую новую тактыку, пра якую яна казала на «Дажджы»?

— Сьвятлана сама акцыі не праводзіць. Іх праводзяць тэлеграм-каналы, грамадзкія арганізацыі, дваровыя чаты, якія каардынуюцца паміж сабой. Сьвятлана толькі падтрымлівае гэтыя акцыі. Яна не кіруе і не кіравала імі. У бліжэйшыя дні будзе абвешчана пра новы плян барацьбы, пра плян на бліжэйшыя тыдні.

«Краінай зараз кіруе вуліца»

— Улады, акрамя рэпрэсіяў, спрабуюць рабіць палітычныя крокі. Рыхтуецца Ўсебеларускі народны сход, магчыма, на ім будзе прадстаўлены праект новай Канстытуцыі, магчыма, будзе рэфэрэндум па гэтым праекце. Што Ціханоўская прапануе рабіць у адказ на гэта, у сувязі з гэтымі крокамі ўладаў?

— Лукашэнка спрабуе накінуць свае сцэнары, адцягнуць увагу ад галоўнага — ад новых выбараў. Тут пазыцыя адназначная: круглы стол Васкрасенскага — байкатаваць, бо гэта цырк і імітацыя, усебеларускі сход — ігнараваць, бо працэдура яго фармаваньня непразрыстая. Трэба праводзіць свой усебеларускі сход, бо людзям, якія цяпер захапілі ўладу, даверу няма. Канстытуцыйная рэформа можа быць толькі пасьля выбараў ці адначасова з выбарамі.

Гэта тры кансэнсусныя пазыцыі, якія падзяляюць усе дэмакратычныя сілы.

Цяпер улада нашмат слабейшая, чым была, яна не кантралюе палітычны парадак дня.

— Вы сказалі пра альтэрнатыўны ўсебеларускі сход. Калі вы мяркуеце яго праводзіць?

— Пакуль невядома, калі Лукашэнка зьбіраецца праводзіць свой сход. Калі гэта люты 2021 году, то лютага ніхто чакаць ня будзе. Нашая стратэгія — дамагчыся саступак ад Лукашэнкі сёлета, каб у гэтым годзе дамагчыся новых выбараў, вызначэньня іх даты.

На гэта скіраваныя нашыя высілкі ў Беларусі і за яе межамі. Краінай зараз кіруе вуліца, кіруе народ. Калі Лукашэнка ў сваім палацы будзе праводзіць свой «междусобойчик», людзі будуць праводзіць свае сапраўдныя народныя сходы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жонцы заблякавалі рахунак, куды прыходзяць „дзіцячыя“ грошы». Сьпісаньне дапамогі ад ByHelp улады тлумачаць крымінальнай справай