Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва апублікавала два сцэнары транзыту ўлады ў Беларусі

Павал Латушка, старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва.

Дакумэнт разьмешчаны ў telegram-канале НАК.

Першы варыянт — канстытуцыйны

«Найбольш эфэктыўны сцэнар выхаду з крызісу — канстытуцыйны варыянт транзыту ўлады праз грамадзкі дыялёг», — гаворыцца ў дакумэнце.

Пералічаныя ўмовы, неабходныя для пачатку такога дыялёгу:

  • спыніць гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян,
  • вызваліць усіх палітвязьняў,
  • завесьці крымінальныя справы супраць службовых асоб, якія мелі дачыненьне да злачынстваў, фальсыфікацыі выбараў.

У паведамленьні сказана, што «грамадзкі дыялёг мае сілу, калі ў ім удзельнічаюць нацыянальны лідэр Святлана Ціханоўская (экс-кандыдат у прэзыдэнты), Каардынацыйная рада, НАК і палітычныя лідэры, якія зазналі рэпрэсіі».

Апазыцыя настойвае на садзейнічаньні і гарантыях міжнародных пасярэднікаў на перамовах зь беларускімі ўладамі.

На погляд НАК, у выніку павінны быць дасягнутыя дамоўленасьці аб спыненьні паўнамоцтваў прэзыдэнта, якога НАК лічыць самаабвешчаным, і прызначэньні Ціханоўскай прэм’ер-міністрам, надзеленым прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі.

НАК мае намер таксама дамагацца адстаўкі ўсіх службовых асоб, якія маюць дачыненьне да злачынстваў, прызначэньня парадку і тэрмінаў абраньня новага прэзыдэнта пры ўмове фармаваньня новага складу ЦВК.

Другі варыянт — грамадзка-прававы ​

Калі гэты сцэнар будзе немагчымы, то будзе ўжыты грамадзка-прававы мэханізм, заявілі ў НАК.

«Ён грунтуецца на тым, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам сувэрэнітэту ў Беларусі зьяўляецца народ». Рэалізацыя гэтага сцэнару «адбываецца праз прынясеньне прысягі народу Беларусі абраным прэзыдэнтам Сьвятланай Ціханоўскай».

«Яна прызначае прэмʼер-міністра і фармуе антыкрызісны ўрад. Разам з гэтым фармуецца новы склад ЦВК, каб праз 40–70 дзён з моманту ўступленьня на пасаду быў абраны новы прэзыдэнт на свабодных і дэмакратычных выбарах», — заявілі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве.

Што тычыцца прыняцьця новай Канстытуцыі, то гэтае пытаньне, з пункту гледжаньня НАК, павінна вырашацца «пасьля абраньня новага прэзыдэнта ў мэтах забесьпячэньня стабільнасьці кіраваньня дзяржавай у пераходны пэрыяд».

Дакумэнт можа быць пакладзены ў аснову для далейшага абмеркаваньня і дапрацоўкі дэмакратычнымі сіламі і грамадзтвам Беларусі.

Што такое НАК?

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка разам з прадстаўнікамі дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі абвясьціў пра стварэньне Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва 28 кастрычніка.

«У той час як Каардынацыйная рада створаная для правядзеньня перамоў, НАК будзе органам, які забясьпечвае дасягненьне наступных мэтаў: пачатку перамоваў і стабільнасьці ў краіне ў момант пераходу ўлады да дэмакратычных сілаў»,— гаварылася ў паведамленьні ў telegram-канале Латушкі.

У Беларусі з 9 жніўня працягваюцца акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў прэзыдэнта. Пераможцам абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 году. Удзельнікі акцый не прызнаюць абвешчаныя ўладамі вынікі выбараў, лічаць іх сфальсыфікаванымі.