11 лістапада ў судзе Заводзкага раёну Менску асудзілі «Міс Беларусь — 2008», былую прэс-сакратарку берасьцейскага «Дынама» Вольгу Хіжынкову. За «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» Вользе прысудзілі 12 сутак арышту, паведамляе Tut.by.
Вольга Хіжынкова ў судзе віну не прызнала. Расказала, што 8 лістапада ішла з кветкамі віншаваць сяброўку. Першы раз яе тлумачэньне сілавікі прынялі і адпусьцілі, другі раз, у раёне Катэдральнага сабору — затрымалі. Паводле Вольгі, ніякага шэсьця людзей у месцы затрыманьня не было — усё як у звычайны дзень. Ніякіх лёзунгаў яна не выкрыквала. У аўтазаку, паводле Хіжынковай, распылілі газ, хоць ехалі толькі дзяўчаты і ніхто не супраціўляўся.
Сьведка абвінавачаньня на судзе быў у балаклаве, назваўся Вадалазавым. Паводле яго, Вольга прымала ўдзел у шэсьці, крычала лёзунгі супраць улады, яе папярэдзілі, што шэсьце незаконнае. Таксама Вадалазаў сьцьвярджаў, што Вольгу затрымалі на праспэкце Пераможцаў. Сказаў, што запомніў Хіжынкову, «таму што прыгожая дзяўчына».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі жорстка разагналі «Марш народаўладзьдзя» ў Менску. Больш за 1000 затрыманыхСудзьдзя сышла на нараду, пасьля якой справу накіравалі на дапрацоўку. Праз 3 гадзіны суд аднавіўся. У пратаколе выправілі час затрыманьня, бо паказаньні Хіжынковай супярэчылі таму, што сказаў сьведка. Таксама сьведка не запомніў прозьвішча супрацоўніка РУУС, які яго апытваў, і паколькі той «быў у балаклаве», не запомніў і яго зьнешнасьць. Адвакат прасіў выклікаць у якасьці сьведак участковых, якія складалі пратаколы, але судзьдзя запыт адхіліла.
Выніковае рашэньне суду — 12 сутак арышту.
Пасьля выбараў Вольга Хіжынкова неаднаразова выказвала сваё меркаваньне пра сытуацыю ў Беларусі і выступала супраць гвалту. У верасьні яна страціла працу ў Нацыянальнай школе прыгажосьці з прычыны сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыі.