СК заявіў, што ўстанаўлівае акалічнасьці «фінансаваньня пратэставых акцый у Беларусі».
Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы «аб публічных закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы», паведамляецца на сайце СК Беларусі.
«У ходзе расьсьледаваньня з ДФР КДК атрымана інфармацыя, якая сьведчыць аб зьдзяйсьненьні Аляксеем Лявончыкам дзеяньняў, накіраваных на дэстабілізацыю грамадзкага парадку. Ён прызнаны падазраваным па крымінальнай справе. Устаноўлены факты пералічэньня з падкантрольнага яму рахунку ў адным з заходніх банкаў грашовых сродкаў для падтрыманьня пратэставых акцый у Беларусі і аказаньня матэрыяльнай дапамогі асобам, якія прымаюць у іх актыўны ўдзел. У мэтах спыненьня далейшай злачыннай дзейнасьці на грашовыя сродкі, якія паступілі ў краіну для фінансаваньня пратэставых акцый, накладзены арышт».
Блякаваньне рахункаў пацярпелых
Учора стала вядома, што сілавікі пачалі блякаваць рахункі беларусаў, якія атрымлівалі кампэнсацыі ад ініцыятывы BY_help. Пра гэта паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на аднаго з заснавальнікаў BY_help Аляксея Лявончыка.
«Ад сёньняшняй раніцы нам паступаюць паведамленьні, што на патрабаваньне СК, КДБ ці падобнай інстытуцыі пачалося масавае блякаваньне рахункаў атрымальнікаў нашай дапамогі», — напісаў Аляксей Лявончык у сваім Фэйсбуку.
Кампанія BY_help дапамагае арыштаваным, аштрафаваным, параненым, зьбітым, а таксама, у выключных выпадках, аплачвае адвакатаў. Паводле справаздачы, кампанія BY_help падтрымала больш за 3300 заявак ад беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, Усяго заявак у базе больш за 8700.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія BY_help: «Выплаты пацярпелым працягнем, знойдзем іншыя варыянты»