Аляксей Лявончык, сузаснавальнік кампаніі, якая аказвае фінансавую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, расказаў Свабодзе, як цяпер выглядае сытуацыя і чаму кампанія карысталася паслугамі беларускіх банкаў.
Пра блякаваньне сумаў, атрыманых пацярпелымі ад дзеяньняў сілавікоў, стала вядома ўдзень 10 лістапада. Сузаснавальнік кампаніі BY_help Аляксей Лявончык у размове са Свабодай расказаў, як справа выглядае цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу на Аляксея Лявончыка і патлумачыў, чаму заблякаваў сродкі BY_help
«Мы ня ведаем прычыны сьпісаньня грошай»
«Сёньня сытуацыя выглядае гэтаксама, як яна выглядала ўчора, — кажа Лявончык. — У нас ёсьць інфармацыя, што ўлады цэляць (маюць намер сьпісаць з рахункаў. — РС) прыкладна ў 1 мільён 400 тысяч рублёў. Увесь учорашні дзень мы атрымлівалі паведамленьні ад нашых падапечных, што ў іх блякуюцца сумы, якія мы дасылалі. Сытуацыі бываюць розныя, але ўмоўна кажучы, калі мы дасылалі 500 рублёў, то блякуюцца 500 рублёў. Доступ да самога рахунку захоўваецца. Але калі чалавек атрымаў гэтыя 500 рублёў і пасьпеў іх зьняць, то ў яго на рахунку можа быць нават мінус. Тады ён павінен папоўніць яго да станоўчай лічбы».
Па словах Аляксея, па стане на другую палову дня 10 лістапада ён меў інфармацыю аб прыкладна 60 чалавеках, у якіх сьпісалі сумы атрыманай дапамогі. Сёньня гэта ўжо больш за 100 асобаў. Лявончык кажа, што бываюць выпадкі, калі рахунак у чалавека блякаваўся цалкам нават зь іншымі грашамі, якія там былі. Хваля паведамленьняў пра сьпісаньне дапамогі пайшла пад вечар учорашняга дня, 10 лістапада. Агульная колькасьць людзей з заблякаванымі сумамі можа дасягнуць 400 чалавек.
«Я ня ведаю, на падставе чаго блякаваліся гэтыя грошы, — кажа Аляксей. — Магу толькі паспэкуляваць, што гэта на падставе нейкай крымінальнай справы аб атрыманьні грошай на нейкую рэвалюцыю ці беспарадкі, ці нешта яшчэ. Схему выдумаць нескладана, гэтыя таварышы працуюць па адной мэтадычцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонды BY_help і BYSOL задаволілі ў суме больш за 4,8 тысяч заявак«Дзяржава сьпісала прыкладна 14% ад сабранай намі сумы»
Паводле інфармацыі Свабоды, банкі не тлумачаць прычынаў сьпісаньня грошай сваім кліентам. Як расказвае Аляксей Лявончык, часам супрацоўнікі банкаў паводзяць сябе нават, як сілавікі, і пагражаюць людзям накладаньнем штрафаў.
«Цяпер мы працуем над нейкай праграмай дзеяньняў, — кажа Лявончык. — Першы крок — стварыць інструкцыю для пацярпелых, што ім рабіць у выпадку выкліканьня ў праваахоўныя органы. Калі грошы ім заблякавалі ў межах крымінальнай справы, то, адпаведна, могуць пачацца сьледчыя дзеяньні. У такім выпадку трэба давесьці да людзей, што трэба рабіць. Такі мануал мы разашлём па ўсёй нашай базе. Наконт вяртаньня грошай у мяне няма спадзяваньня на тое, што гэта ўсё хутка разблякуюць».
Лявончык настойвае, што банкі сьпісалі сродкі, пераведзеныя абсалютна легальным спосабам, ад фізычнай асобы да фізычнай асобы. Ён кажа, што там не было гіганцкіх сумаў, якія маглі б выклікаць падазрэньні.
Дакладнай лічбы заблякаваных сродкаў пакуль няма, гэта паміж 1 мільёнам 400 тысячамі рублёў і 1 мільёнам 500 тысячамі. Па словах прадстаўніка кампаніі BY_help, гэта прыкладна 14% ад агульнай сабранай сумы.
«Гэта вельмі шмат, — кажа Аляксей Лявончык. — Але мы ўсё ж карысталіся некалькімі спосабамі пераводу грошай. Разумелі, што нельга класьці ўсе яйкі ў адзін кошык. А з другога боку, на нас ціснула неабходнасьць пачаць выплаты хутка. Калі б мы чакалі стварэньня абсалютна бясьпечнай плятформы, то гэта заняло б нейкі час. А ўжо ў жніўні эмоцыі былі вельмі моцныя, пачыналіся пытаньні, чаму фонд ня плаціць. А ў нас на той момант фізычна не было грошай, яны зьявіліся толькі 25-га. Плаціць мы пачалі раней, 20 жніўня, у крэдыт. Тады трэба было вырашаць, чакаць бясьпечнай плятформы альбо пачынаць плаціць адразу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першую адмову ў завядзеньні крымінальнай справы па катаваньнях адмянілі, накіравалі на дапрацоўкуЛявончык гаворыць, што кампанія магла б страціць і больш, калі б выплочвала ўсё адным шляхам.
«Пяройдзем на іншыя варыянты аплаты»
«Кампанія не спыняе сваёй дзейнасьці, мы працягваем зьбіраць грошы, — кажа ён. — Адзінае, што мы прыпынілі збор праз фэйсбук. Фандрайзэр там дзейнічае некалькі месяцаў. У дадатак фэйсбук зьмяняў інтэрфэйс, з гэтым таксама былі зьвязаныя складанасьці. Фандрайзэр нейкі час там не працаваў. Цяпер мы працягваем збор праз PayPal, асабліва не афішуем гэта. Туды кожны дзень прыходзіць невялікая, але даволі стабільная сума. Гэта паміж 1800-2000 эўра.У дадатак ёсьць прыватныя ахвяраваньні. Ад аднаго брытынскага бізнэсоўца мы атрымалі 70 тысяч фунтаў — гэта 90 тысяч даляраў. Яшчэ было разавае ахвяраваньне на 30 тысяч даляраў».
Прадстаўнік кампаніі BY_help кажа, што ўсе заяўкі будуць аплочаныя. Зараз каманда будзе прымаць рашэньне, як канкрэтна дзейнічаць.
Па словах Андрэя Стрыжака, прадстаўніка фонду BYSOL, які займаецца дапамогай звольненым з палітычных прычынаў і студэнтам, што звольніліся добраахвотна ці былі адлічаныя, яны пакуль не сутыкаліся з блякаваньнем сумаў пералічанай дапамогі.
«Мы выкарыстоўваем тэхналёгіі, якія дазваляюць унікаць праблем, — кажа Стрыжак. — Пакуль што яны працуюць. Зараз кампанія BY_help і наш фонд будуць займацца сынхранізацыяй высілкаў, каб зрабіць пераводы недасяжнымі да ўлады. Пакуль людзі, якія атрымалі дапамогу ад нас, ня маюць праблем. Паглядзім, што будзе далей. Улады, відавочна, спрабуюць перакрыць тую хвалю салідарнасьці, якая ўзьнікла паміж беларусамі. Гэта выклік для нас. Але мы пастаянна працуем ва ўмовах выклікаў».