Старшы лейтэнант Ігар Макар — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз». Макар расказвае пра кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова, пра тое, як зьняволеных праганяюць праз шыхт з дубінкамі, а таксама заклікае людзей працягваць мірны пратэст, а сілавікоў — не выконваць злачынных загадаў.
- Ігар Макар нарадзіўся ў Горадні ў 1977 годзе. Пасьля службы ў войску, у 1997-м, паступіў на службу ў Горадзенскі АМАП. З 1998 году пачаў працаваць у «Алмазе». Скончыў Акадэмію фізічнага выхаваньня і спорту Рэспублікі Беларусь, паступіў у Інстытут правазнаўства. Пакінуў службу і ўзначаліў ахову колішняга экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, з 2006 году — у палітычнай эміграцыі. У 2011 годзе сястра Вольга Макар з сынам папрасіла палітычнага прыстанішча ў Вялікай Брытаніі з прычыны перасьледу з боку міліцыі і пагроз жыцьцю яе і сына. Ігар Макар супрацоўнічае з аб’яднаньнем By_Pol, якое дапамагае сілавікам, што адмовіліся выконваць злачынныя загады.
Сьцісла
- Супрацоўнікі АМАПу вельмі стомленыя, таму яны робяць усё, каб пратэставыя акцыі проста скончыліся. Чым менш народу выходзіць, тым будзе больш затрыманьняў.
- Страляў у Тарайкоўскага супрацоўнік «Алмазу», быў летальны вынік. Гэта было помпавае ружжо, якое прымяняецца толькі ад 50 мэтраў. Да Тарайкоўскага было 20–25 мэтраў.
- Мікалай Карпянкоў — вельмі адданы чалавек, асабліва Лукашэнку. Ён яму ніколі ня здрадзіць.
- Лукашэнка ўцягнуў падразьдзяленьні ў агрэсію. Галоўная прычына, чаму людзі на гэта ідуць, — абсалютная, татальная беспакаранасьць. Гэта працягваецца 26 гадоў.
- Адчынялася камэра, называлі прозьвішча зьняволенага, ім загадвалі бегчы. Яны прабягалі, і мы іх усіх дубінкамі, хто як мог, білі.
- У адной з размоваў супрацоўнік АМАПу сказаў, што яны ўсё разумеюць, але не рабіць гэтага яны ня будуць, бо яны ўжо зрабілі столькі, што назад дарогі няма.
«Чым менш народу выходзіць, тым больш працуюць супрацоўнікі»
— Як вы ацэньваеце апошні нядзельны марш, жорсткія затрыманьні і эскаляцыю гвалту з боку сілавікоў?
— Пратэставы настрой грамадзянаў ня вечны. У дзяржаўнай машыны, у сілавых структураў нашмат большыя функцыі і здольнасьці выжываньня ў гэтай сытуацыі. У Лукашэнкі ёсьць мэта задушыць цалкам усе пратэставыя акцыі. Чым менш народу выходзіць, тым больш працуюць супрацоўнікі. Я кантактаваў з супрацоўнікамі АМАПу, яны вельмі стомленыя, таму яны робяць усё, каб мітынгі і пратэставыя акцыі проста скончыліся. Чым менш народу выходзіць, тым будзе больш затрыманьняў.
«У „Алмазе“ я працаваў каля 5 гадоў»
— Як вы прыйшлі ў спэцназ, якой была ваша карʼера там, чаму яна скончылася?
— У 1995-1996 годзе я служыў у спэцназе памежных войскаў (мотаманэўраная група). Маім начальнікам у спэцыяльнай падрыхтоўцы быў чалавек, які потым пайшоў у ахову прэзыдэнта. Я ўсё жыцьцё займаўся спортам, удзельнічаў у спаборніцтвах. Калі пасьля войска прыйшоў дадому, вельмі хацеў паступіць працаваць у «Алмаз». У мяне там працаваў добры сябра. Мне ў «Алмазе» сказалі, што трэба прайсьці практыку, каб зразумець, што гэта такое. Намесьнік кіраўніка атраду параіў вярнуцца назад у Горадню і ўладкавацца ў атрад міліцыі хуткага рэагаваньня, папрацаваць, зразумець сутнасьць і потым вярнуцца. Я так і зрабіў. Пайшоў у АМАП, прайшоў адбор, уладкаваўся і працаваў каля году. Пасьля прыйшоў загад і мяне адклікалі працаваць у «Алмаз». У «Алмазе» я працаваў каля 5 гадоў. Звольніўся старшым лейтэнантам.
— Якая там была ваша асноўная праца?
— Затрыманьне найбольш небясьпечных злачынцаў, ахова найвышэйшых дзяржаўных асобаў, барацьба з тэрарызмам.
— Ці задзейнічалі вас на вулічных акцыях?
— Гэта не ўваходзіць у функцыі падразьдзяленьня. За ўвесь час пяцігадовай працы ў «Алмазе» адзін раз нас прыцягнулі з усёй агнястрэльнай зброяй (я меў пісталет, аўтаматычны МП5 і УЗІ). Мы ўсе ўзброеныя, экіпаваныя прыехалі ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта і чакалі ў двух мікрааўтобусах. Як я разумею, там таксама была нейкая акцыя. Мы прабылі 3-4 гадзіны і потым зьехалі з рэзыдэнцыі, бо ўсё скончылася. Гэта быў 2002 ці 2003 год.
— Паводле вашай інфармацыі, наколькі часта выкарыстоўваюць «Алмаз» на масавых акцыях і калі гэта пачалося?
— 2002–2004 гады. У 2006-м ужо было вельмі жорстка. Я тады ўжо быў з Казуліным, займаўся ягонай бясьпекай, бачыў усю працу. Асабліва ў ДК чыгуначнікаў у сакавіку 2006-га, калі Казулін прыехаў на Ўсенародны сход, тады там вельмі сурʼёзна ўсіх пабілі. Мне ўдалося зьехаць, схавацца, бо Казулін мяне з сабой ня ўзяў. Ён, праўдападобна, усё прадчуваў. Працавалі вельмі жорстка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казулін моцна зьбіты і можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці (абноўлены)— Вы сышлі з «Алмазу», калі пайшлі да Казуліна. Што стала прычынай сыходу?
— Калі мяне прызначылі на пасаду намесьніка камандзіра баявой групы, у мяне было шмат рознагалосьсяў з кіраўніцтвам «Алмазу». Гэта ўсё прывяло ўрэшце да таго, што я проста звольніўся. Я тады ўжо меў зносіны з Казуліным. Я тады з Аляксандрам Уладзіслававічам размаўляў, і ён сказаў: «Ігар, не прымушаю цябе абсалютна, проста падумай. Будзеш са мной — будзеш са мной, хочаш працягваць працу — працягвай». Я звольніўся.
Пра сустрэчу з Карпянковым і Навумавым
— Калі вы зьехалі зь Беларусі? Пасьля арышту Казуліна 25 сакавіка 2006 году ці раней?
— Я раней зьехаў. Перад выбарамі мне ўвесь час тэлефанаваў на мабільны тэлефон Мікалай Карпянкоў (ён тады быў камандзірам атраду). Ён вельмі хацеў, каб я сышоў з палітыкі, таму што я былы супрацоўнік «Алмазу» і псую твар падразьдзяленьня. Я зьбіраў інфармацыю ва ўсіх супрацоўнікаў пра сваволю, што творыцца, і ў адзін дзень я паехаў да свайго блізкага сябра. Гэта Дзьмітры Шахраеў, ён цяпер начальнік службы бясьпекі прэзыдэнта. Мы зь ім па-сяброўску пагаварылі. Ён тады быў асабістым адʼютантам Лукашэнкі. З размовы я зразумеў, што ні ён, ні я супрацоўнічаць ня будзем, у нас проста засталіся сяброўскія стасункі, і я зьехаў. Пра гэта, натуральна, даведаліся; магчыма, за мной сачылі. Тады мне пазваніў Карпянкоў, і я прыехаў на сустрэчу. Я зь ім вельмі сурʼёзна пагаварыў. Вельмі сурʼёзна, у выніку ён мне сказаў: або ты сыдзеш, або паберажы сваю маці. Ён даў зразумець, што ўсё будзе вельмі дрэнна.
Я дамовіўся зь ім, што ўсе кампраматы гатовы перадаць. Ён сказаў, што тады арганізуе сустрэчу, і гэтая сустрэча будзе вельмі сурʼёзнай. Ці гатовы я? Я сказаў, што гатовы. У мяне выбару не было. Празь некаторы час я сустрэўся зь міністрам унутраных спраў Уладзімерам Навумавым. Мы размаўлялі больш за дзьве гадзіны пра ўсё цалкам. І мне ўдалося гэтую размову запісаць, ня буду казаць, якім спосабам. Я гатовы яе апублікаваць. Я крыху публікаваў, даваў Алегу Алкаеву ўрыўкі з размовы. Я дамовіўся з Навумавым такім чынам пра ўсе кампраматы (яны знаходзяцца ў Польшчы), што я еду ў Берасьце, яны мяне сустракаюць, я ўсё прывожу. Аддаю, разыходзімся, і я ў палітыку больш ня лезу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы спэцназавец запісаў размову зь міністрам Навумавым наконт КазулінаПасьля сустрэчы з Навумавым я паехаў да Казуліна, на наступны дзень Казулін зрабіў сустрэчу зь сямю пасламі Эўразьвязу. Я паставіў запіс, яны ўсё паслухалі. Навумаў так і сказаў, што Казуліна пасадзім, наступным будзеш ты. Выбару не было. Мяне вывезьлі ў Маскву на самалёце, і тагачасны літоўскі пасол пагадзіўся, каб я паехаў у Літву, пазьней я атрымаў палітычнае прыстанішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадзенскі спэцназавец папрасіў прытулку за мяжой
«Мара Карпянкова — стаць міністрам. Ён робіць усё, каб атрымаць гэтую пасаду»
— Вы назвалі імя Мікалая Карпянкова, вельмі вядомай цяпер асобы, кіраўніка ГУБАЗіК, зь якім вы сустракаліся і кантактавалі. Як вы можаце яго ахарактарызаваць?
— Калі я працаваў у «Алмазе», Мікалай Карпянкоў на той час кіраваў аддзелам у службе бясьпекі прэзыдэнта, і яны прыходзілі да нас у «Алмаз» на базу трэніравацца. Камандзір ставіў мяне на трэніроўку. Я трэніраваў, паказваў усё, што ўмеў, усё, што мы рабілі. У мяне зь Мікалаем склаліся вельмі добрыя адносіны, ён мяне заўсёды паважаў, калі яны ў атрад прыяжджалі, і ён прасіў патрэніраваць іх.
Гэта вельмі адданы чалавек, асабліва Лукашэнку. Ён яму ніколі ня здрадзіць, ён будзе рабіць усё. Як мне бачыцца, ягоная мара — стаць міністрам. Ён робіць усё, каб атрымаць гэтую пасаду. Дарэчы, Навумаў стаў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта менавіта з падачы Карпянкова. Далей Навумаў стаў міністрам, і гэта была ўжо яго заслуга. Мне пра гэта сам Навумаў казаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра былога спэцназаўца папрасіла палітычнага прытулку ў Вялікабрытаніі
«Лукашэнка дамогся аддзяленьня сілавога блёку ад народу»
— Цяпер іншае пакаленьне служыць у «Алмазе», але некаторыя людзі, зь якімі вы працавалі, яшчэ засталіся, як я зразумела. Ці вядома вам, якія там настроі? Ім даводзіцца выконваць усё ж не ўласьцівыя для гэтага падразьдзяленьня функцыі. Гэта антытэрарыстычнае падразьдзяленьне, а не для змаганьня зь мірнымі дэманстрантамі.
— Я магу сказаць ня толькі пра «Алмаз», а прабегчыся коратка па ўсіх падразьдзяленьнях. Добры настрой толькі ў людзей, якіх я б назваў кабінэтнымі: сьледчых, участковых, опэрупаўнаважаных. Яны разумеюць, што за гэтую брудную працу трэба будзе потым адказваць. У такіх падразьдзяленьнях, як АМАП, «Алмаз», «Альфа», СОБР, настрой абсалютна не адэкватны. Зь імі размаўляць на мове ўльтыматуму — «Вазьміцеся за галаву, падумайце пра людзей» — гэта не працуе. Лукашэнка дамогся аддзяленьня сілавога блёку ад народу. Ён уцягнуў падразьдзяленьні ў агрэсію, якая праяўляецца з кожным днём усё больш і больш. Галоўная прычына, чаму людзі на гэта ідуць, — абсалютная, татальная беспакаранасьць. Гэта працягваецца 26 гадоў. Ніхто ні за што не адказвае. Таму на нармальнай мове размаўляць зь імі нельга.
— Я разважаю як звычайны чалавек, не як вайсковы чалавек, які выконвае загад. Калі ты бачыш чалавека бяз зброі, мірнага, ці проста гэта — пачаць яго біць? Мы змаглі б? Ці рабілі вы гэта? Гэтае пытаньне павінна стаяць перад чалавекам, які мае зброю, дубінку.
— Так. Ня памятаю, які гэта быў год, калі я працаваў у «Алмазе», я тады быў малады баец у групе. Тады «Алмаз» толькі перайменавалі ў антытэрарыстычную арганізацыю, і мы тады езьдзілі па турмах. Калі мы прыяжджалі ў некаторыя турмы, нас выстройвалі ў калідоры ў дзьве шарэнгі, у нас былі дубінкі. Адчынялася камэра, называлі прозьвішча зьняволенага, «На выхад» — і бегчы. Яны прабягалі, і мы іх усіх дубінкамі, хто як мог, білі. Потым другі, трэці, чацьвёрты зьняволены.
— І нецэнзурна лаяліся таксама?
— Вядома. Потым яны курчыліся ад болю на тым баку. Далей ізноў называліся гэтыя ж прозьвішчы, і ў камэру беглі назад. Гэта быў прыблізна 2000–2001 год. Здаецца, гэта была турма ў Жодзіне. Мы там праводзілі свае трэніроўкі, і начальнік турмы сказаў, што трэба паказаць сілу, таму што ёсьць людзі, нязгодныя з рэжымам, нешта робяць дрэнна. Гэта было камэр пяць-шэсьць. Білі жудасна. Гэта практыкуецца, і ў АМАПе, і ў «Алмазе».
«Першыя дні ім даплачвалі за кожны дзень. Цяпер ніхто нічога ня плаціць, бо грошай няма»
— Такое відэа з Акрэсьціна зьявілася нядаўна і проста шакавала людзей. Чаму пра такую распаўсюджаную, як выглядае, практыку не было шырока вядома?
— Гэта ня надта разгалошвалася, гэта не былі палітычныя зьняволеныя. Калі цяпер пайшло яднаньне людзей, на барацьбу са сваім жа народам пачалі накіроўваць такія структуры, як АМАП. Яны ўсе азлобленыя. Некаторыя зь іх гэта апраўдваюць тым, што працуюць суткамі, казарменны рэжым, бо кожную нядзелю, суботу акцыі, а ім гэтага ня трэба. Яны атрымліваюць малыя заробкі. Першыя дні ім даплачвалі за кожны дзень. Цяпер ніхто нічога ня плаціць, бо грошай няма. І не заплацяць, таму яны азлобленыя, прымяняюць сілу. У «Алмазе» была практыка, нас гэтаму вучылі, што ёсьць жорсткае затрыманьне бандыта, злачынцы, па-іншаму ніяк, таму што на коне тваё жыцьцё. Але калі ты надзеў кайданкі затрыманаму, хто б ён ні быў, спыняюцца любыя дзеяньні. Чалавека ў кайданках біць нельга, нельга зьдзекавацца. Тое, што цяпер робіць АМАП, гэта бесчалавечна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спаў на бэтоннай падлозе, не давалі вады. Экс-начальнік менскага абласнога ДАІ дагэтуль на Акрэсьціна— Тое, што вы рабілі ў турме са зьняволенымі, — гэта быў загад. Выглядае, што цяпер такое абыходжаньне з пратэстоўцамі — гэта таксама загад, а не самадзейнасьць?
— Безумоўна. Гэта прымяняецца ў турмах і ізалятарах ня супраць аднаго-двух, а супраць вялікай колькасьці. Калі 15–16 чалавек пратэстоўцаў у ізалятары, гэта вельмі проста — стаць у дзьве шарэнгі, па адным праганяць і біць дубінкамі. Лепш нічога не прыдумаеш, таму што тое, што мы ў турмах рабілі, тычылася некалькіх чалавек, трымалі за рукі і з двух бакоў дубінкамі білі. Чалавек проста па сьцяне спаўзаў. Гэта было проста месіва. Было вельмі жорстка. Я думаю, што цяпер такога ня робяць.
— Як вы сябе адчувалі, калі гэта рабілі?
— Ніяк. Проста быў загад. Абсалютна ніяк. Проста рабіў, і ўсё. Але калі я служыў далей, год, два, тры чатыры... Я чаму з кіраўніцтвам «Алмазу» быў нязгодны, аднойчы моцна сварыўся... Калі праходзілі адбор тыя, хто хацеў паступіць у «Алмаз» (я таксама гэтым займаўся), была паласа перашкод, потым спарынгі. І на спарынгах некаторыя нашы хлопцы з «Алмазу» людзей проста калечылі. Быў адзін хлопец са службы бясьпекі прэзыдэнта, які хацеў у «Алмаз», ён быў натрэніраваны, але насупраць быў чалавек зь лепшай фізычнай падрыхтоўкай. І ў выніку ў яго была паламаная сьпіна. Жудасна. Я гэта выказаў, а мне сказалі, што гэта не мая справа.
«Ён стаіць 30–40 хвілін, больш ня можа, рукі апускае, ты даеш яму дубінай, і ён рукі падымае»
— Усе бачылі фатаздымкі з Савецкага РУУС, дзе людзі стаяць ля сьцяны з паднятымі рукамі. Тыя, хто праходзіць праз гэта, гавораць пра 5–6 гадзін такога стаяньня. Ці гэта таксама шматгадовая практыка?
— Так. Калі я працаваў у АМАПе, так рабілі з затрыманымі, якія зрабілі правапарушэньне ці злачынства. Аднаго, двух ці трох затрыманых ставіш да сьцяны, рукі ўгару, і ён стаіць 30–40 хвілін, больш ня можа. Калі рукі апускае, ты проста даеш яму дубінкай, і ён рукі падымае. І праз такія пакуты выбіваеш паказаньні, каб ён напісаў праўду, што рабіў, і, дапусьцім, чаго не рабіў.
— Вы больш не працуеце там, у палітычнай эміграцыі шмат гадоў, нядаўна бралі ўдзел ва Ўсясьветным кангрэсе беларусаў. Як вы цяпер гледзіце на тое, што робяць вашы былыя паплечнікі? Якая ваша чалавечая і прававая ацэнка?
— Я вельмі сурʼёзна асуджаю іх дзеяньні. Больш за тое, яны робяць злачынства. Тое, што зрабіў супрацоўнік «Алмазу», які стрэліў у Тарайкоўскага, — гэта злачынства, за якое можна даць найвышэйшую меру пакараньня. Гэта было помпавае ружжо, якое прымяняецца толькі ад 50 мэтраў. Пра гэта павінен ведаць кожны супрацоўнік. Не разумею, чаму алмазавец страляў. Да Тарайкоўскага было 20–25 мэтраў, што і прывяло да сьмяротнага выніку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стралялі на паражэньне». Сьведка гібелі Тарайкоўскага зьехаў ва Ўкраіну і расказаў, як гэта былоБылі яшчэ два параненыя гумавымі кулямі, пра якіх гавораць у сілавых структурах. Іх зьмясьцілі ў шпіталі, і дактары іх адратавалі. Гэта неадэкватныя паводзіны, таму што супрацоўнік падразьдзяленьня, асабліва «Алмаза», ведае, на якой адлегласьці можна ўжываць помпавае ружжо. Яно для спыненьня супрацьпраўнага дзеяньня. Менш за 50 мэтраў — сьмяротны вынік. Мы бачым на відэа чалавека з паднятымі рукамі, ёсьць пацьверджаньне прымяненьня гэтай зброі, але чамусьці ніхто нічога ня робіць. Я лічу, што трэба расьсьледаваць кожны выпадак. Браць відэафакты, высьвятляць асобу і рыхтаваць да суду.
«Амапавец: Мы як на вайне, для нас усе, хто выходзіць на вуліцу на мірныя акцыі пратэсту, гэта ворагі, і мы будзем стаяць да апошняга»
— Вы кажаце, што сілавікі стомленыя, злыя і хочуць усё як найхутчэй спыніць. Ці ёсьць спосаб зь імі размаўляць, пераконваць?
— Ужо не. Я спрабаваў каля месяца таму. Я глядзеў відэа з кожнай акцыі. Я ў жыцьці шмат бачыў, але ў мяне мурашкі па скуры ішлі. На людзей, дзяўчатак, хлопцаў налятаюць пяць амапаўцаў і проста зьбіваюць дубінкамі. Я спрабаваў гаварыць са сваімі сябрамі, нават тымі, хто ў органах цяпер працуе, каб пагаварылі з тымі, хто непасрэдна ўдзельнічае ў разгонах, з амапаўцамі. Мае сябры пагаварылі з супрацоўнікамі АМАПу і сказалі: «Ігар, нават ня трэба размаўляць, нічога ня будзе».
Можна паглядзець ролік Пракопʼева пра Сярожу. Так, усё прыгожа, нармальна, але гэта цяпер ня дзейнічае. Прасіць, каб ня білі пратэстоўцаў, бо гэта мірная акцыя, гэта ж ваш народ, яны ж вам плацяць заробак, вы ж бюджэтнікі, — гэта ўжо ня дзейнічае. У адной з размоваў супрацоўнік АМАПу сказаў, што яны ўсё разумеюць, але не рабіць гэтага яны ня будуць, бо яны ўжо зрабілі столькі, што назад дарогі няма. Цытую даслоўна: «На сёньняшні дзень мы як на вайне, для нас усе, хто выходзіць на вуліцу на мірныя акцыі пратэсту, гэта ворагі, і мы будзем стаяць да апошняга». Мой сябра сказаў, што вас жа кіне Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Так было зь «Беркутам» ва Ўкраіне, так было з рыскім і віленскім АМАПамі пасьля распаду СССР. І ён кажа: мы разумеем, што ён нас кіне, але цяпер мы стаім як адзін за аднаго. І мы будзем стаяць да канца, назад дарогі няма.
— Ці шмат такіх людзей, як вы, якія сышлі?
— Ёсьць. Некаторыя людзі, якія са мной працавалі ў «Алмазе», а цяпер «на гражданке», у асноўным у Расеі на заробках, ва ўсіх семʼі. Ніхто ў палітыцы ня ўдзельнічае.
— Як бы вы зьвярнуліся да мірных пратэстоўцаў, якія ведаюць, што іх могуць затрымаць, пабіць, пакалечыць на мірным пратэсьце, і ўсё роўна выходзяць? Што ім рабіць? Як ім абараніцца?
— Я размаўляў зь людзьмі, якія цяпер працуюць у сыстэме, якім гэта моцна надакучыла. Надакучыла і сілавая структура, і тыя, хто выходзіць, і ўся сытуацыя. Першае, што я хацеў бы сказаць людзям, якія выходзяць на пратэставыя акцыі, гэта вялізарны дзякуй. Я разумею, што ёсьць беларускі народ, ёсьць беларусы як нацыя. Тое, што было зроблена, гэта велізарны плюс. Калі чалавек гатовы выходзіць, трэба выходзіць, але патрэбны толькі мірныя акцыі. Так, будуць затрыманьні, магчыма жорсткія, СІЗА, штрафы, але трэба ператрываць, бо я думаю, што мы зможам перамагчы ў гэтай барацьбе супраць Лукашэнкі. Ён ужо не ўтрымаецца ва ўладзе. Ні ў якім разе не рабіце радыкальных дзеяньняў. Будуць правакацыі, і гэта будзе на руку Лукашэнку. Патрэбны толькі мірныя акцыі. Трываць да апошняга. Нават калі выйдзе 100 чалавек, гэта ўжо будзе добра. Проста стаць у ланцуг, нічога не парушаючы. Проста мірная акцыя. Пастаялі і разышліся. Калі нехта зробіць хоць нешта — вывесіць сьцяг, напіша словы падтрымкі — усё пойдзе ў агульную скарбонку.
Наконт правакацый. Напярэдадні выбараў да мяне зьвярнулася мая ананімная крыніца са структуры і расказала, што рыхтуюцца правакацыі, што ў службе бясьпекі прэзыдэнта трэніруюцца снайпэры і са снайпэрскімі вінтоўкамі, і з аўтаматычнымі пісталетамі. На стрэльбішчах яны стралялі па мішэнях у выглядзе супрацоўнікаў АМАПу. Паводле крыніцы, рыхтавалася правакацыя — стрэлы ў супрацоўнікаў АМАПу, і як вынік — вельмі сурʼёзны разгон акцыі, нават з выкарыстаньнем войска.
Калі я даведаўся, хацеў хутка апублікаваць, але ня вельмі атрымлівалася. Усе думалі, што ўжо з майго боку правакацыя. Дзьмітры Шахраеў, цяперашні кіраўнік службы бясьпекі прэзыдэнта, — вельмі мой блізкі сябра. Так атрымалася, што мы знаходзімся па розныя бакі, але застаёмся сябрамі. Ён быў маім настаўнікам у атрадзе, я зь яго браў прыклад. У мяне зь ім блізкія адносіны, і я не хацеў бы, каб ён зрабіў злачынства. Калі б была правакацыя і было б даказана, то, калі б ня стала рэжыму Лукашэнкі, гэта была б турма. Літаральна за два дні да выбараў у Бэльгіі і Францыі пагадзіліся гэта надрукаваць, і, на шчасьце, гэтай правакацыі не адбылося.
— Ці гледзіце вы ў будучыню з аптымізмам?
— З малым, але гляджу. У мяне зьявіўся свой асабісты абавязак, каб той дыктатарскі рэжым, які стварыў Лукашэнка, гэтая рэпрэсіўная машына, я хачу, каб гэта скончылася, каб народ жыў спакойна ў нармальнай краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыянты сталі як глядыятары», — Алкаеў пра хлопцаў «ад сахі» ў форме і прычыны трываласьці сыстэмы
— Вы кажаце, што цяпер пераконваць сілавікоў ня мае сэнсу. Але ўсё ж, можа, вы як былы спэцназавец паспрабавалі б зьвярнуліся да сілавікоў?
— Як былы супрацоўнік, як афіцэр зраблю апошні заклік. Можа, да кагосьці дойдзе. Зьвяртаюся да ўсіх супрацоўнікаў, задзейнічаных для разгону мірных акцый пратэсту. Не рабіце злачынства. Калі вы баіцеся быць звольненымі (некаторыя кажуць, што адзін за адным назіраюць), проста рабіце выгляд, падымайце дубінку, але ня біце людзей, затрымлівайце, і калі ёсьць магчымасьць, адпусьціце. Хай чалавек уцячэ. Зьбірайце на будучыню інфармацыю, таму што кожны адкажа за ўсё, што зрабіў. Я згодны з Паўлам Латушкам, што калі ня будзе дастаткова доказаў, бо нехта быў у балаклаве, ёсьць дэтэктар хлусьні, і кожны супрацоўнік, які працаваў у гэты час, яго пройдзе. Падумайце пра сваю сям’ю і будучыню, пра свой народ, бо вы той жа народ.