За апошнія суткі ў Армэніі прызямліліся 20 самалётаў Іл-76, на якіх з Ульянаўску прыляцелі 400 вайскоўцаў 15-й міратворчай брыгады. Яны будуць выконваць міратворчую місію ў Нагорным Карабаху. Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны Расеі.
Усяго Расея павінна перакінуць у Карабах каля 2000 чалавек і 470 адзінак тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра які мір дамовіліся Азэрбайджан, Армэнія і Расея. Экспэрты — пра сытуацыю ў Нагорным КарабахуМіратворцы праедуць больш за 250 кілямэтраў і выставяць назіральныя пасты ўздоўж лініі судакрананьня ў Нагорным Карабаху і ўздоўж Лачынскага калідору, які злучае гэтую тэрыторыю з Армэніяй. Камандаваньне міратворчай апэрацыяй будзе разьмяшчацца каля Стэпанакерту, паведаміў ТАСС.
9 лістапада прэзыдэнты Расеі і Азэрбайджану ды прэм’ер-міністар Армэніі падпісалі сумесную заяву аб поўным спыненьні ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху. Азэрбайджанскі і армянскі бакі спыняюцца на занятых пазыцыях, у рэгіёне будуць разьмешчаны расейскія міратворцы. Тэрмін іх знаходжаньня — 5 гадоў з магчымасьцю падаўжэньня.
Нагорны Карабах і прылеглыя да яго раёны Азэрбайджану з пачатку 1990-х гадоў знаходзіліся пад кантролем армянскага боку. У канцы верасьня Азэрбайджан пачаў наступ з мэтай вярнуць тэрыторыі. Азэрбайджанскія войскі занялі шэраг раёнаў па пэрымэтры Нагорнага Карабаху і частку тэрыторыі самой непрызнанай рэспублікі, у тым ліку горад Шуша.