Урад Даніі прызнаў, што ня меў законных падставаў патрабаваць ад уладальнікаў фэрмаў зьнішчэньня ўсіх норак, якіх тыя разводзяць.
Загад быў аддадзены пасьля таго, як у жывёлаў выявілі мутацыю новага каранавірусу. Навукоўцы папярэдзілі, што гэта можа адбіцца на эфэктыўнасьці вакцыны супраць COVID-19, якая цяпер ствараецца.
Данія — найбуйнейшы сусьветны вытворца каштоўнага футра норкі. Папуляцыя гэтых драпежнікаў у краіне складала 15–17 мільёнаў. З тых часоў, як урад 4 лістапада абвясьціў, што норак варта зьнішчаць, каля двух з паловай мільёнаў жывёлаў былі забітыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дрэнна для норак — добра для людзей». Чым пагражаюць новыя мутацыі каранавірусу«Нават калі мы дзейнічалі ў сьпешцы, нам трэба было дакладна разумець, што неабходны новыя заканадаўчыя акты, якіх пакуль няма. І я прыношу прабачэньні за гэта», — заявіў у аўторак прэм’ер-міністар краіны Мэтэ Фрэдэрыксан.
Як адзначае брытанская ВВС, у будучыні дацкія ўлады маюць намер правесьці закон, які дазволіць масава зьнішчаць жывёлаў усюды, а ня толькі ў месцах, дзе адзначаныя ўспышкі захворваньня. Пакуль жа ўрад заклікае фэрмэраў не чакаць і працягваць выбракоўваньне — у якасьці меры засьцярогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць памерлых ад COVID-19 у Эўропе набліжаецца да 300 тысячаў, — Reuters