Як муж і чатыры сыны чакаюць 54-гадовую палітзьняволеную Тацяну Канеўскую, адну з «Маці-328», давераную асобу Ціханоўскай. ВІДЭА

Імя Тацяны Канеўскай вядомае тым, хто сочыць за ініцыятывай «Маці 328». Жанчына, сын якой сутыкнуўся зь несправядлівым прысудам паводле «наркатычнага» артыкула, некалькі разоў удзельнічала ў галадоўках з надзеяй прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы наркотыкаў. І гэта спрацавала – вырак сыну Тацяны перагледзелі, замест першапачаткова прысуджаных васьмі ён правёў за кратамі толькі тры гады.

Жывучы ў Гомлі, Тацяна Канеўская добра ведала Сяргея Ціханоўскага. У 2020 годзе яна далучылася да выбарчай кампаніі ягонай жонкі, стала даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай, зьбірала подпісы ў падтрымку яе вылучэньня, выступала на мітынгах.

Затрымалі Тацяну 8 жніўня, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве. Суд, які прайшоў 10 жніўня, адправіў справу на дапрацоўку, але на волю жанчына ня выйшла. Родным паведамілі, што цяпер ёй выстаўлена новае абвінавачаньне – ужо крымінальнае.