Вялікая Брытанія высылае двух беларускіх дыпляматаў у адказ на ранейшую высылку зь Беларусі двух брытанскіх дыпляматаў. Пра гэта паведамляе брытанскае Міністэрства замежных спраў.
Пасол Беларусі Максім Ермаловіч быў выкліканы сёньня днём у МЗС, дзе яму паведамілі пра рашэньне ўрада Вялікай Брытаніі. Беларускаму дыплямату было паведамлена, што адзіны выхад з сытуацыі ў Беларусі — гэта правесьці новыя выбары і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у гвалце супраць дэманстрантаў.
Міністар замежных спраў Дамінік Рааб сказаў:
«Сёньня мы ясна далі зразумець рэжыму Лукашэнкі, што іх неабгрунтаваная высылка брытанскіх дыпляматаў мае наступствы. Вялікабрытанія працягне заклікаць беларускія ўлады да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў у жніўні і працяг прымяненьня гвалту для падаўленьня беларускага народа».
Вялікабрытанія ўжо рашуча адрэагавала на катаваньні і жорсткае абыходжаньне з сотнямі мірных дэманстрантаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, увёўшы санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і высокапастаўленых асоб ва ўрадзе Беларусі ў адпаведнасьці з новым рэжымам санкцый Вялікабрытаніі ў галіне правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць жанчыну, якая ўкусіла байца АМАПу падчас разгону акцыі. Ёй пагражае да 6 год турмыРаней кіраўнік МЗС Домінік Рааб у сваім твітэры заявіў: «Высылка двух дыпляматаў Вялікай Брытаніі зь Беларусі за законнае назіраньне за пратэстамі зьяўляецца цалкам не апраўданай. Лукашэнка ня можа схаваць прыгнёт уласнага народу. Адзіны шлях наперад — гэта свабодныя і сумленныя выбары і адказнасьць вінаватых у гвалце над дэманстрантамі».
Пазьней Рааб дадаў, што, «як сьведчаць незалежныя справаздачы, гэта (высылка дыпляматаў. — РС) частка ўзгодненай кампаніі перасьледу, накіраванай на актывістаў, СМІ і цяпер дыпляматаў. Замест таго, каб спрабаваць зьдзекавацца з тых, хто асьвятляе яго рэпрэсіі, спадар Лукашэнка павінен пагадзіцца на свабодныя і сумленныя выбары і даць магчымасьць прыцягнуць вінаватых у гвалце супраць дэманстрантаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦАМіністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолас заявіў: «Высылка брытанскага аташэ ў справах абароны на падставе сфабрыкаваных і лжывых абвінавачаньняў — гэта грубая спроба адцягнуць увагу ад нарастаньня ціску на свабоду слова і свабоды ўнутры Беларусі рэжымам Лукашэнкі».
The Guardian нагадвае, што ў апошнія дні Рааб падтрымаў высновы АБСЭ, якія, паводле яго, «выкрылі махлярства ў прэзыдэнцкіх выбарах» у жніўні. Вялікая Брытанія ўжо ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня пасьля выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту. Міністэрства замежных спраў заявіла, што ў дакладзе АБСЭ зьмяшчаюцца пераканаўчыя доказы фальсыфікацыі выбараў і «масавых і сыстэматычных» парушэньняў правоў чалавека.