У Армэніі зьбілі расейскі гелікоптэр. МЗС Азэрбайджану заяўляе пра памылку і выбачаецца

Гелікоптэр Мі-24

Расейскі гелікоптэр Мі-24 быў зьбіты зь пераноснага зэнітнага ракетнага комплексу (ПЗРК) над Армэніяй ля мяжы з Азэрбайджанам. Пра гэта паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на Міністэрства абароны РФ.

9 лістапада пры суправаджэньні аўтакалёны 102-й расейскай вайсковай базы па тэрыторыі Армэніі ў паветранай прасторы каля армянскага паселішча Ярасх, побач зь мяжой Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі Азэрбайджану, быў адкрыты агонь па расейскім гелікоптэры Мі-24, сказана ў паведамленьні расейскага Міністэрства абароны. Два чальцы экіпажу загінулі, трэці — эвакуаваны на аэрадром базаваньня. Гелікоптэр упаў у гарыстай мясцовасьці.

Камандаваньне 102-й вайсковай базы РФ, дысьлякаванай у армянскім горадзе Гюмры, высьвятляе дзяржаўную прыналежнасьць тых, хто зьбіў расейскі гелікоптэр.

МЗС Азэрбайджану заявіла, што расейскі гелікоптэр быў зьбіты азэрбайджанскімі сіламі памылкова. Баку прыносіць Маскве прабачэньні і гатовы выплаціць кампэнсацыю за зьбіты гелікоптэр.