Пракуратура накіравала ў суды 100 спраў аб масавых беспарадках. Спраў аб сьмерцях і катаваньнях пратэстоўцаў няма

Новы генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

У Генэральнай пракуратуры Беларусі расказалі пра накіраваныя ў суд крымінальныя справы, зьвязаныя з масавымі беспарадкамі, удзелам грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах, супрацівам, гвалтам і пагрозай яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі.

Відэакамэнтар апублікаваны ў тэлеграм-канале ведамства.


«На сёньняшні дзень органы пракуратуры накіравалі ў суды больш за 100 крымінальных спраў, зьвязаных з масавымі беспарадкамі, удзелам грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Гаворка ідзе перш за ўсё аб такіх складах, як гвалт; пагроза яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў; супраціў міліцыі ці іншай асобе пры выкананьні імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку; хуліганства; незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў; і іншых складах».

Прадстаўнік Генпракуратуры адзначыў, што па 16 крымінальных справах суды ўжо вынесьлі прысуды, зьвязаныя з пазбаўленьнем ці абмежаваньнем волі, а таксама буйныя штрафы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што яны рабілі, — кашмар». Гісторыі людзей, якім адмовілі ў завядзеньні спраў аб зьбіцьці сілавікамі

У Генпракуратуры пры гэтым не расказалі пра лёс пададзеных заяў аб прыцягненьні сілавікоў да адказнасьці за гвалт, а таксама аб працы міжведамаснай камісіі, створаная пад эгідай Генпракуратуры, якая павінна была разабрацца ў сытуацыі, якая склалася.

Такі заяваў было каля 2000, інфармацыі аб завядзеньні справаў па іх няма, у тым ліку па фактах сьмерці ўдзельнікаў акцый пратэсту.

У бліжэйшыя дні мінае трохмесячны тэрмін дасьледчай праверкі па заявах аб гвалце з боку сілавікоў. Некаторыя ўжо пачалі атрымліваць адмовы ў узбуджэньні крымінальнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы асудзіў «беззаконьне, гвалт, несправядлівасьць і няпраўду». ВІДЭА