Новыя абліччы пратэсту і падаўленьня

Чаму супраць нядзельнага маршу ўлады кінулі такія вялікія сілы? Якія тэндэнцыі пратэсту? Ці назіраецца яго радыкалізацыя?

Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць заснавальнік і ўласьнік рэсурсу «Сильные новости» Пётар Кузьняцоў і палітычныя аглядальнікі Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

  • Лукашэнка прызнаў, што ён дае загад сілавікам, як дзейнічаць падчас акцыяў пратэсту.
  • Уладзе невыносна глядзець, як кожную нядзелю сталіца ператвараецца ў сьвята непадпарадкаваньня.
  • Улада адчула стому і пратэстоўцаў, і сілавікоў. Ёсьць спакуса адным ударам скончыць пратэст.
  • Пратэст у рэгіёнах амаль сьціх, і таму мясцовую міліцыю можна перакінуць у Менск.
  • Магчыма, Пуцін даў Лукашэнку тэрмін, каб скончыць з пратэстам, і Лукашэнка ў тэрмін не ўкладаецца.
  • Радыкалізацыя назіраецца ў тэлеграм-каналах, але не на вуліцы.
  • Гэта дзяржаўныя тэлеканалы кажуць, што няма ніякага мірнага пратэсту, а ёсьць баевікі, якія б’юцца зь міліцыяй.
  • Улады зацікаўленыя ў сілавым супрацьстаяньні, яны разумеюць, што пры сілавым сутыкненьні перавага будзе на іх баку.
  • Спроба перавесьці пратэст у сілавое рэчышча — не на карысьць пратэстоўцаў.
  • Цяпер прыцягваюць да адказнасьці людзей за іх дзеяньні ў жніўні.
  • Лукашэнка хоча адпомсьціць усім. Ён атрымаў цяжкую псыхалягічную траўму, і за яе беларусы, на яго думку, павінны заплаціць.

Кузьняцоў

  • Пратэставыя настроі нікуды не падзеліся і ўжо не падзенуцца і ў Менску, і ў рэгіёнах.
  • Цяжка чакаць ад людзей, што яны доўга будуць хадзіць на пратэсты, як на працу.
  • Пратэставы рух складаецца не з салдатаў, людзі ня ходзяць на пратэст на загад.
  • Новыя падзеі могуць надаць новы імпульс пратэстам.
  • Я не лічу радыкальнымі дзеяньнямі, калі пратэстоўцы спрабуюць адбіць сваіх таварышаў.
  • Сапраўдная радыкалізацыя немагчымая ў цяперашніх беларускіх умовах. Няма людзей, няма структураў, якія маглі б сплянаваць і ажыцьцявіць сілавы пратэст.
  • Манаполія на гвалт у нас — у дзяржавы.
  • Дваровыя чаты і самаарганізацыя адыграюць сваю ролю падчас выбараў у мясцовыя саветы ў 2021 годзе.
  • Настрой людзей паўплывае на эканамічнае становішча, народ не давярае ўладзе, людзі ня будуць інвэставаць пры гэтай уладзе.

Цыганкоў

  • На кожнага з тых 100–200 тысячаў, якія выходзілі на пратэсты, ёсьць чалавек па 10, якія хацелі б выйсьці, якія таксама не прымаюць гэтую ўладу.
  • Пратэставы рух не абмяжоўваецца тымі, хто практычна выходзіць на пратэсты.
  • Мне здаецца, што нельга сыходзіць з вуліц. Калі б нехта прапанаваў, што трэба на пэўны час спыніць вулічныя акцыі, то я быў бы супраць.
  • Такое ўражаньне, што «людзям у чорным» падабаецца тое, што яны робяць, і яны будуць гэта рабіць, пакуль пратэст будзе заставацца мірным.
  • Ва Ўкраіне на Майдане пачалі страляць невядомыя асобы. Калі там пачалася страляніна — «Беркут» уцёк.