Суд Цэнтральнага раёну Гомля 9 лістапада разглядаў справу 73-гадовай Евы Раманаўны Быкоўскай. Па вэрсіі міліцыі, яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным шэсьці.
25 кастрычніка ў Гомлі анансавалася акцыя пратэсту. У прызначаны час у цэнтры гораду сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Яны не трымалі ні сьцягоў, ні плякатаў. Тым ня менш міліцыя і АМАП пачалі затрымліваць людзей. Затрымалі і 73-гадовую пэнсіянэрку Еву Быкоўскую, былую настаўніцу.
Супрацоўнікі АМАП, па сьведчаньні Евы Раманаўны, абыходзіліся зь ёй вельмі груба.
«Лаяліся і матам, і абражалі ўсяляк, крычалі: „С*ка, колькі ты яшчэ будзеш хадзіць?!“. Адзін амапавец крычаў, што „Ў яе тата — паліцай!“. Гэта надта крыўдна, бо мой тата ваяваў супраць нацыстаў і дайшоў да Бэрліну. Я была вымушаная потым зьвярнуцца да псыхоляга, у маім жыцьці са мной ніхто так не абыходзіўся!» — кажа пэнсіянэрка.
У яе забралі мабільны тэлефон — і дагэтуль не вярнулі.
Судзьдзя Сяргей Кармановіч накіраваў справу на дапрацоўку.