Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн названы пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША 3 лістапада. Будучы кандыдатам, былы віцэ-прэзыдэнт і сэнатар абяцаў аднавіць пагадненьні і супрацоўніцтва ў розных міжнародных арганізацыях, якім, па яго словах, была «нанесеная шкода» за час прэзыдэнцтва Дональда Трампа.
Газэта Washington Post заяўляе, што, калі Байдэн уступіць на пасаду, ён неадкладна адменіць шэраг рашэньняў, прынятых Трампам. Таксама Байдэн паабяцаў зрабіць усё, «каб Амэрыка зноў стала сусьветным лідэрам» у барацьбе з аўтарытарнымі палітыкамі, пандэміяй каранавірусу і зьмяненьнем клімату.
Якім прэзыдэнтам будзе Джо Байдэн і як ён зьбіраецца выканаць свае абяцаньні з улікам таго, што замежная палітыка на момант яго прыходу да ўлады ў пачатку 2021 году можа адысьці на другі плян? Пытаньне разглядае вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабода Тод Прынс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашае лідэрства грунтуецца не на прыкладзе нашай сілы, а на сіле нашага прыкладу». Байдэн зьвярнуўся да амэрыканцаўРасея/Украіна
Байдэн заяўляў, што зойме больш жорсткую пазыцыю ў адносінах да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў параўнаньні з пазыцыяй Трампа. Ён назваў Маскву «апанэнтам», а таксама самай вялікай «пагрозай» бясьпекі для Злучаных Штатаў на сёньняшні дзень.
Байдэн крытыкаваў Крэмль за анэксію Крыму ў 2014 годзе і падтрымку прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны. Ён таксама абвінаваціў Крэмль ва ўмяшаньні ў выбары 2016 году ў ЗША і крытыкаваў напады на расейскіх журналістаў і грамадзянскіх актывістаў.
«У адрозьненьне ад Трампа, я буду абараняць нашы дэмакратычныя каштоўнасьці і супрацьстаяць аўтакратам, такім як Пуцін», — напісаў Байдэн у Twitter у жніўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго беларусам чакаць ад Джо Байдэна. Адказы дырэктаркі GLOBSEC Policy InstituteЁн таксама прыгразіў «пакараць» Маскву, калі яна ўмяшаецца ў выбары 2020 году, і адкінуў ідэю Трампа аб тым, каб зноў запрасіць Расею ў «вялікую сямёрку» (G7).
«Мы павінны прымусіць Расею заплаціць рэальную цану за парушэньне міжнародных нормаў і падтрымаць расейскую грамадзянскую супольнасьць, якая не перастае сьмела супраціўляцца клептакратычнай аўтарытарнай сыстэме Пуціна», — напісаў Байдэн ў артыкуле ў часопісе Foreign Affairs.
Байдэн таксама крытыкуе праект «Паўночны паток – 2», які «Газпром» будуе для перапампоўваньня прыроднага газу з Расеі ў Нямеччыну. У 2016 годзе ён называў гэта «дрэннай угодай» для Эўропы і падкрэсьліў, што яна будзе дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне. Палітык настойваў на тым, што Эўропе трэба дывэрсыфікаваць крыніцы паставак газу, а не «замыкацца на яшчэ большай залежнасьці ад Расеі».
Што тычыцца Ўкраіны, то Байдэн, быўшы віцэ-прэзыдэнтам, выказваў рашучую падтрымку Ўкраіне і яе інтэграцыі з Эўразьвязам. Ён таксама падтрымлівае працяг паставак сьмяротнай зброі ў Кіеў у якасьці дапамогі ўкраінскім уладам у барацьбе з прарасейскімі сэпаратыстамі.
«Як прэзыдэнт я дам зразумець Крамлю, што ён павінен спыніць агрэсію і акупацыю Ўкраіны. Адміністрацыя Байдэна-Гарыс гарантуе, што Ўкраіна атрымае неабходную эканамічную і вайсковую падтрымку, у тым ліку сьмяротных зброю», — заявіў Байдэн у жніўні 2020 году.
Адносіны з NATO/ЭЗ
Байдэн заявіў, што будзе зноў наладжваць трансатлянтычныя сувязі, якія, як ён сьцьвярджае, «пашкодзіў» прэзыдэнт Трамп у гады свайго кіраваньня. Трамп сапраўды неаднаразова крытыкаваў Эўразьвяз і NATO, уводзіў тарыфы на ўвоз у ЗША некаторых эўрапейскіх тавараў і разарваў некалькі важных міжнародных дамоваў.
У адрозьненьне ад Трампа, які ў 2016 годзе назваў NATO «састарэлым», Байдэн вызначыў арганізацыю як «самы эфэктыўны вайскова-палітычны альянс у сучаснай гісторыі» і падкрэсьліў, што NATO павінна заставацца моцным і адаптавацца да новых відаў пагроз з боку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Джо Байдэн? Расказваем, як 77-гадовы палітык з трэцяй спробы займае Белы дом«Каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі, мы павінны захоўваць вайсковы патэнцыял альянсу на высокім узроўні. А таксама — пашыраць яго здольнасьць супрацьстаяць нетрадыцыйным пагрозам, такім як карупцыя, дэзынфармацыя і кібэркрадзяжы», — напісаў палітык у артыкуле для часопісу Foreign Affairs.
У адказ кіраўнік камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту Дэвід Макалістэр заявіў, што Байдэн, у адрозьненьне ад Трампа, зьяўляецца «прадказальным палітыкам» і падтрымлівае шматбаковае супрацоўніцтва і ўмацаваньне міжнародных арганізацый, «а ня іх разбурэньне».
Кантроль над узбраеньнямі
Байдэн сказаў, што падоўжыць новую дамову аб стратэгічных наступальных узбраеньнях (МНУ), апошнюю зь яшчэ дзейных дамоваў з Расеяй адносна ядзерных узбраеньняў.
Але адначасова ён мае намер працягнуць перамовы аб новым пакце СНУ, які ўстановіць абмежаваньні на стратэгічныя ядзерныя арсэналы Расеі і ЗША. Тэрмін дзеяньня актуальнай дамовы заканчваецца ў лютым 2021, але дамова можа быць прадоўжаны на тэрмін да пяці гадоў паводле ўзаемнай згоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўзмоцніць Байдэн санкцыі адносна Беларусі? Дыскутуюць Карбалевіч, Цапкала і ЦыганкоўАдміністрацыя Трампа раней адхіліла прапанову Масквы прадоўжыць новую дамову СНУ без дадатковых умоваў, а таксама прапанову аб прадаўжэньні на год. Байдэн сьцьвярджае, што пакт выгадны з пункту гледжаньня бясьпекі ЗША і павінен быць прадоўжаны на час, пакуль будзе распрацоўвацца і падпісвацца новае пагадненьне.
Пазыцыя Байдэна ў дачыненьні да Пуціна і дзеяньняў Расеі бярэ пад увагу тое, што напружанасьць у адносінах паміж Вашынгтонам і Масквой захаваецца і патэнцыйна можа нават пагоршыцца пасьля яго ўступленьня на пасаду. Але кантроль над узбраеньнямі — адна зь нешматлікіх сфэраў, якія, на думку аналітыкаў, могуць стаць плятформай для прадуктыўных перамоваў паміж Злучанымі Штатамі і Крамлём.
Іран і ядзерная дамова
Байдэн заявіў, што ён хацеў бы, каб Злучаныя Штаты вярнуліся да міжнароднай ядзернай дамовы 2015 году з Іранам, якая абмежавала ядзерную дзейнасьць краіны ў абмен на паслабленьне санкцый, — але толькі калі Тэгеран таксама вернецца да захаваньня яе ўмоваў.
У 2018 годзе Трамп у аднабаковым парадку вывеў Злучаныя Штаты з гэтага пагадненьня і ўвёў санкцыі супраць Тэгерану, патлумачыўшы гэта тым, што Тэгеран не выконвае ўмовы зьдзелкі. Санкцыі нанесьлі шкоду эканоміцы Ірану, але не падштурхнулі яго да падпісаньня новага пагадненьня.
Байдэн сказаў, што як толькі Іран вернецца да захаваньня пагадненьня, ён будзе працаваць з іншымі краінамі, якія падпісалі дамову: Вялікабрытаніяй, Францыяй, Нямеччынай, Расеяй і Кітаем, а таксама з ЭЗ, і разьлічвае на ўнясеньне паправак у пагадненьне.
«Разам з нашымі саюзьнікамі мы будзем працаваць над узмацненьнем і пашырэньнем палажэньняў ядзернай зьдзелкі. А таксама будзем вырашаць іншыя пытаньні, якія выклікаюць заклапочанасьць, такія як парушэньні правоў чалавека і турэмнае зьняволеньне іншаземцаў», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Байдэн гаварыў пра Беларусь, Лукашэнку і ЦіханоўскуюКітай і гандлёвая вайна
У параўнаньні з часам яго знаходжаньня на пасадзе віцэ-прэзыдэнта ў 2009–2017 гадах, Байдэн у апошнія гады заняў значна больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Кітаю. Ён крытыкуе Пэкін за парушэньні правоў чалавека і абвінавачвае яго ў несправядлівых мэтадах вядзеньня гандлю.
Аднак ён таксама крытыкаваў палітыку Трампа ў пытаньні адносінаў з Кітаем. Ён заяўляў, што прэзыдэнту ЗША варта было б стварыць кааліцыю саюзьнікаў для супрацьстаяньня Кітаю, а ня ўвязвацца ў двухбаковую гандлёвую вайну з другой па велічыні эканомікай сьвету.
«Калі мы аб’ядноўваемся зь іншымі дэмакратычнымі краінамі, наша сіла больш чым падвойваецца. Кітай ня можа дазволіць сабе ігнараваць больш за палову сусьветнай эканомікі, — падкрэсьліваў ён. — Кааліцыя дае нам істотныя вагары ўзьдзеяньня на фармаваньне правілаў паводзінаў ва ўсім, ад навакольнага асяродзьдзя да працы, гандлю, тэхналёгій і празрыстасьці, каб яны працягвалі адлюстроўваць дэмакратычныя інтарэсы і каштоўнасьці».
Аднак некаторыя аналітыкі кажуць, што Байдэн наўрад ці пасьпяшаецца адмяніць тарыфы, уведзеныя Трампам у дачыненьні да Кітаю. Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША зьбіраецца правесьці новыя перамовы з Кітаем адносна гандлю і хацела б мець вагары ўзьдзеяньня падчас гэтых перамоваў.
Аўганістан
Байдэн сказаў, што выведзе войскі ЗША з Аўганістану. Дваццаць гадоў таму Злучаныя Штаты ўзначалілі кааліцыю міжнародных сілаў у Аўганістане для барацьбы з экстрэмісцкімі групоўкамі «Аль-Каіды» і рухам «Талібан» пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Ён плянуе пакінуць на месцы толькі невялікі кантынгент спэцназу, які будзе выконваць контртэрарыстычныя місіі.
Байдэн выступаў супраць вялікай групоўкі войскаў ЗША ў Аўганістане яшчэ быўшы віцэ-прэзыдэнтам у пэрыяд з 2009 па 2017 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Краіне патрэбная перадышка». Амэрыканскія беларусы пра прэзыдэнцкія выбары ў ЗШАПраблемы зьмяненьня клімату
Байдэн назваў глябальнае пацяпленьне «рэальнай пагрозай» і сказаў, што прымусіць Злучаныя Штаты зноў далучыцца да Парыскага пагадненьня 2015 году аб барацьбе са зьмяненьнем клімату, якое ЗША падпісалі падчас яго віцэ-прэзыдэнцтва. Трамп выйшаў з пагадненьня празь некалькі месяцаў пасьля ўступленьня на пасаду, у 2017 годзе.
«Я далучуся да Парыскага кліматычнага пагадненьня ў першы дзень свайго кіраваньня, а затым склічам саміт краінаў-найбуйнейшых эмітэнтаў вуглякіслага газу, каб паскорыць прагрэс у гэтым напрамку», — напісаў Байдэн у артыкуле ў Foreign Affairs.
Ён таксама паабяцаў, што будзе падтрымліваць галіну абнаўляльнай энэргетыкі, напрыклад вытворцаў ветраных і сонечных электрастанцый, каб зьнізіць спажываньне вуглевадародаў у краіне. Крытыкі таксама асьцерагаюцца, што Байдэн узмоцніць рэгуляваньне ў сфэры здабычы выкапнёвага паліва і падыме падаткі для нафтавай і сланцавай індустрыі.
Падчас кіраваньня Трампа Злучаныя Штаты працягвалі нарошчваць здабычу нафты і газу і ў выніку цяпер зьяўляюцца найбуйнейшым вытворцам вуглевадародаў у сьвеце.
Дэмакратыя
Байдэн таксама сказаў, што будзе шукаць для ЗША саюзьнікаў для барацьбы за ўмацаваньне дэмакратыі ў сьвеце і для процідзеяньня «паўзучаму аўтарытарызму».
«На працягу першага году майго знаходжаньня на пасадзе Злучаныя Штаты арганізуюць і правядуць глябальны саміт за дэмакратыю, каб абнавіць разуменьне агульнай мэты народаў вольнага сьвету, — паабяцаў ён. — Гэты саміт абʼяднае дэмакратыі сьвету і ўмацуе нашы дэмакратычныя інстытуты, а таксама дасьць магчымасьць выпрацаваць агульны парадак дня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн набраў дастаткова галасоў, каб стаць прэзыдэнтам ЗША. ВІДЭАУнутраныя справы ЗША
Байдэн успадкуе ад Трамп падзеленую краіну. Яе ў апошнія месяцы скаланалі пратэсты супраць гвалту паліцыі ў дачыненьні да этнічных і расавых меншасьцяў, а таксама рознагалосьсі адносна таго, як змагацца з каранавірусам.
Апанэнты вінавацяць Трампа ў распальваньні некаторых гэтых рознагалосьсяў, у тым ліку тых, якія зьвязаныя з расавымі і іміграцыйнымі праблемамі. Паводле зьвестак газэты Washington Post, Байдэн поўнасьцю адменіць указ Трампа, які першапачаткова забараняў грамадзянам некаторых пераважна мусульманскіх краін уезд у ЗША.
Што тычыцца каранавірусу, то Байдэн сказаў, што ён «прыслухаецца да меркаваньня навукоўцаў» і зробіць «усё магчымае» для барацьбы зь яго распаўсюдам у Злучаных Штатах. У тым ліку — увядзе поўны локдаўн, калі гэта будзе неабходна. Ён таксама сказаў, што зробіць абавязковым нашэньне масак у грамадзкіх месцах.
Таксама Байдэн паабяцаў, што адменіць зьніжэньне падаткаў для карпарацый, якое сваім указам увёў Трамп, але павялічыць пры гэтым мінімальную заработную плату ў інтарэсах самых малазабясьпечаных пластоў насельніцтва. Байдэн таксама сказаў, што ўзмоцніць закон аб даступным мэдычным абслугоўваньні 2010 году і закон аб мэдычным страхаваньні, вядомы як Obamacare.
Байдэн таксама адменіць рашэньне пакінуць Сусьветную арганізацыю аховы здароўя, зь якой ЗША павінны былі выйсьці ў ліпені 2021, паведамляе Washington Post.