Пасьля масавых арыштаў 8 лістапада ў Менску прайшоў супольны марш пэнсіянэраў і мэдыкаў. ФОТА і ВІДЭА

Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 9 лістапада.

9 лістапада каля дзьвюх тысяч чалавек пэнсійнага веку шосты раз сабраліся ў Менску на штопанядзелкавы пратэст. Ад Чырвонага касьцёла яны прайшлі маршам па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа. З пэнсіянэрамі ішлі мэдыкі.

Супольны марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску. Фотагалерэя

Напярэдадні ў Менску падчас пратэстаў затрымалі больш за тысячу чалавек. У суботу сілавікі разагналі марш мэдыкаў і схапілі каля 50 чалавек, сёньня затрыманых судзяць.

16.40. Пэнсіянэраў і мэдыкаў гэтым разам сілавікі не чапалі, хоць ДАІ спыняла машыны, якія сыгналілі ім на знак падтрымкі. Па завяршэньні «Маршу мудрасьці» на плошчы Якуба Коласа невядомыя «людзі ў цывільным» схапілі маладога чалавека і завялі ў мікрааўтобус.

16.30. На завяршэньне маршу ягоныя ўдзельнікі прасьпявалі песьню «Разбуры турмы муры», якая стала сымбалем пратэстаў у Беларусі летам і восеньню 2020 году.

16.20. Марш пэнсіянэраў завяршаецца без затрыманьняў. Паводле агенцтва БелаПАН, у ім узялі ўдзел 2 тысячы чалавек. Людзі разыходзяцца з плошчы Якуба Коласа.

Марш пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 9 лістапада.

16.10 Удзельнікі маршу пэнсіянэраў і мэдыкаў дайшлі да плошчы Якуба Коласа ў Менску. Уздоўж калёны праехаў адзін аўтазак, але ўдзельнікаў маршу ніхто не чапае. Сустрэчныя машыны сыгналяць на знак падтрымкі, экіпажы ДАІ спыняюць кіроўцаў некаторых зь іх і выпісваюць штрафы.

Пэнсіянэры сталі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці і скандуюць: «Выпускай!»

16.00. Калёна расьцягнулася ўздоўж праспэкту Незалежнасьці ад парку Янкі Купалы да плошчы Перамогі.

15.40. Калёна «Маршу мудрасьці» прыйшла на плошчу Перамогі ў Менску. Людзей не чапаюць.

15.20. Дзьве падборкі фота плякатаў з маршу пэнсіянэраў і мэдыкаў ад калег з «Нашай Нівы» і Tut.by.

15.15. Калёна пэнсіянэраў і мэдыкаў, у якой больш за тысячу чалавек, рухаецца ў кірунку плошчы Перамогі ў Менску. Сама плошча абгароджаная сілавікамі.

Марш пэнсіянэраў у Менску, пратэсты, 9 лістапада.

Граф Аляксандар Прушынскі на маршы пэнсіянэраў у Менску

15.05. Сілавікі не перашкаджаюць маршу пэнсіянэраў і мэдыкаў, які ідзе па цэнтры Менску, дайшоў ужо да Кастрычніцкай плошчы.

14.53. Кіроўца таксі, каб падтрымаць удзельнікаў маршу пэнсіянэраў і мэдыкаў, уключыў у машыне песьню «Перамен», за што быў спынены ДАІ.

14.50. На маршы пэнсіянэраў і лекараў больш за тысячу чалавек. Большасьць дэманстрантаў — людзі пэнсійнага ўзросту, але ёсьць і моладзь. Яны нясуць бел-чырвона-белыя сьцягі і парасоны такой жа расфарбоўкі, кветкі, транспарант з надпісам «Каты, ці ёсьць у вас Маці?», партрэты палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Пэрыядычна скандуюць «Жыве Беларусь!», «Гэта наш горад!», «Трыбунал», «Сыходзь!», «Лукашэнку ў аўтазак» і іншыя лёзунгі.

«Рукі прэч ад мірных грамадзян! Прыбаўкай да пэнсіі нас ня купіш!» — гаварылася ў анонсе сёньняшняга маршу. Указ аб павышэньні працоўных пэнсій з 1 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў 6 лістапада.

14.45. Ніна Багінская з нацыянальным сьцягам удзельнічае ў нядзельных маршах і маршах пэнсіянэраў.

14.43. Сілавікі перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў Менску ў раёне плошчы Перамогі.

14.40. Плякат аднаго з удзельнікаў маршу. Ён тлумачыць, каго трэба прыцягнуць да адказнасьці за тое, што адбываецца апошнія некалькі месяцаў у Беларусі.

14.35. Удзельнікі Маршу пэнсіянэраў віншуюць палітвязьня Віктара Бабарыку з днём народзінаў. Непадалёк СІЗА КДБ, дзе сядзіць Бабарыка. Віктару Бабарыку сёньня споўнілася 57 гадоў.

14. 25. У калёне каля тысячы чалавек. Наперадзе, як ужо не ўпершыню, граф Аляксандар Прушынскі, шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, плякатаў з заклікамі спыніць гвалт і правесьці новыя выбары. Людзі скандуюць: «Лукашэнку ў аўтазак!», «Гэта наш горад!», «Верым, можам, пераможам!»​.

Марш пэнсіянэраў у Менску, 9 лістапада.

Плякат на Маршы пэнсіянэраў і мэдыкаў у Менску, 9 лістапада.

14.15. Калёна пэнсіянэраў і лекараў пайшла па праспэкце Незалежнасьці ў цэнтар Менску.

14.06. Каля Чырвонага касьцёла ў Менску зьбіраюцца людзі для ўдзелу ў традыцыйным Маршы пэнсіянэраў. Па плошчы Незалежнасьці ходзіць міліцыянт з рупарам, іншы здымае ўдзельнікаў акцыі. Пэнсіянэры скандуюць «Трыбунал!» і «Пайшлі вон!», — перадае «Наша Ніва».



14.01. Людзі пачынаюць зьбіраюцца на марш на плошчы Незалежнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна з 231. Пэнсіянэрку, аштрафаваную за ўдзел у маршы ў Курапаты, затрымалі як падазраваную ў крымінальнай справе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць прычын, чаму ўлада зрабіла стаўку на гвалт