Работнікі буйных прадпрыемстваў Беларусі працягваюць далучацца да страйку. Двое рабочых БелАЗу напісалі заявы аб далучэньні да агульнанацыянальнай страйку, паведамляе Tut.by.
Таксама да страйку далучыліся яшчэ трое працаўнікоў «Беларуськалію».
Двое рабочых БелАЗу, электразваршчык 6-га разраду зварачнага цэху Алег Сасьніцкі і фрэзэроўшчык 6-га разраду інструмэнтальнага цэху Сяргей Валенцюкевіч, далучыліся да агульнанацыянальнага страйку з 9 лістапада.
У заявах, якія яны напісалі на імя гендырэктара прадпрыемства, пералічваюцца іх патрабаваньні: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньне сумленных выбараў, вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне гвалту з боку супрацоўнікаў МУС над мірнымі грамадзянамі.
У заяве Сяргея Валенцюкевіча ёсьць яшчэ адно патрабаваньне — звольніць майстра і начальніка цэха, якія, па яго заявах, чыняць ціск на рабочых.
«Сваю заяву Сяргей прынёс на апэратыўку, ранішнюю нараду з начальствам. З сабой ён узяў бел-чырвона-белы сьцяг», — расказваюць работнікі БелАЗу.
Таксама там паведамляюць, што з моманту пачатку агульнанацыянальнага страйку з заводу звольнілі траіх.
Таксама раніцай 9 лістапада да страйку далучыліся яшчэ трое рабочых «Беларуськалію» — дзяжурны электрасьлесар Максім Данілевіч, рамонтнік Сяргей Ражко і сьлесар-рамонтнік Дзьмітры Быкаў.
На мінулым тыдні да страйку таксама далучыліся некалькі працаўнікоў «Беларуськалію», «Гродна Азоту» і Беларускага мэталюргічнага заводу.