Беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, зноў не пускаюць на радзіму

Беларуска-літоўская мяжа.

Памежнікі тлумачаць гэта эпідэміялягічнай сытуацыяй. Раней Лукашэнка загадаў не пускаць у краіну тых, хто выехаў зь яе на вучобу ці працу за мяжу.

Tut.by расказаў гісторыі некалькіх студэнтаў, што вучацца ў Літве і Польшчы і якіх не пусьцілі празь беларускую мяжу.

Маці адной студэнткі апавяла, што яе дачку адправілі назад у Вільню на пункце пропуску «Каменны Лог» без усялякіх тлумачэньняў.

Дзяжурны Смаргонскай памежнай групы адказаў, што студэнтаў з Польшчы і Літвы не пускаюць у Беларусь наагул, — кажа жанчына.

Яшчэ адна жанчына даслала аўдыёзапіс размовы са спэцыялістам гарачай лініі Памежнага камітэту, дзе яна спытала, ці пусьцілі б яе дачку-студэнтку дадому.

«Я рэкамэндую ўстрымацца ад перасячэньня мяжы аўтобусам, а скарыстацца авіязносінамі. З прычыны эпідэмічнага становішча ў краіне», — адказала супрацоўніца камітэту. Дзяжурны Смаргонскай памежнай групы паведаміў:

«Шчыра кажучы, наконт студэнтаў прымаецца прыватнае рашэньне па факце прыбыцьця іх у пункт пропуску. Ідуць даклады вышэй, паведамляюць абставіны іх прыбыцьця на тэрыторыю Рэспублікі Беларусі. Дакладваюць і зьверху прымаецца рашэньне. Праз тэлефон я не скажу, у які бок будзе прынята рашэньне», — сказаў дзяжурны.

Апэратыўна атрымаць камэнтар у Дзяржаўным памежным камітэце не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: беларускія лекары, якія зьедуць працаваць у Польшчу, ня змогуць вярнуцца

Што загадаў Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада заявіў, што аддаў распараджэньне начальніку памежных войскаў не пускаць у краіну ня толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых «разумных» беларусаў, якія выехалі за межы краіны «ў гэты няпросты час».

Пра гэта ён заявіў 5 лістапада на нарадзе аб процідзеяньні пашырэньню вірусных інфэкцыяў.

«Я аддаў распараджэньне камандуючаму памежнымі войскамі не ўпускаць у краіну ня толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых „разумных“ беларусаў, якія выехалі за межы нашай краіны ў гэты няпросты час. Заразу нам вазіць ня трэба, і ўсё роўна, зь якім пашпартам. Паехалі туды вучыцца — няхай вучацца, працаваць — хай працуюць. Мы ж не перашкаджалі гэтаму. Таму хай там працуюць і вылечваюцца», — сказаў Лукашэнка.

29 кастрычніка Беларусь закрыла межы з краінамі Эўразьвязу і Ўкраінай для асобных катэгорыяў фізычных асобаў.