У суботу ў Менску затрымалі журналістаў-фрылансэраў Дар’ю Чульцову і Алеся Сіліча. Іх тры гадзіны трымалі ў клетцы Партызанскага РУУС.
У той жа дзень затрымалі Кацярыну Карпіцкую з «Нашай нівы» і Рамана Папкова з «МБХ медиа», іх адправілі ў турму на Акрэсьціна да суду, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Іх схапілі падчас асьвятленьня маршу мэдыкаў 7 лістапада.
Сіліча і Чульцову адпусьцілі, тры гадзіны пратрымаўшы ў клетцы і склаўшы чатыры пратаколы, пры гэтым не сказаўшы, паводле якіх артыкулаў. Пра гэта паведаміў Алесь Сіліч пасьля вызваленьня.
«Мне здаецца, што гэтая клетка нібыта для крымінальнікаў. У нас забралі ўсе асабістыя рэчы. У Дарʼі — нават матузкі на ботах. Ужо рыхтаваліся да Акрэсьціна», — апавядае Алесь Сіліч.
Таксама ў Алеся «на экспэртызу» забралі аўтамабіль, каб праверыць, ці не сагнаны ён. Міліцыя паведаміла журналісту, што аўтамабіль будзе на экспэртызе да трох месяцаў.
Паводле БАЖ, за кратамі знаходзяцца 15 журналістаў:
- Руслан Серадзюк
- Віктар Ярашук
- Павал Дабравольскі
- Марына Кастылянчанка
- Дзьмітры Дзьмітрыеў
- Аляксандар Зяньковіч
- Яна Трусіла
- Зьміцер Солтан (Зьміцер Буянаў)
- Максім Хлябец
- Раман Чмель
- Наста Захарэвіч
- Максім Несьцяркоў
- Уладзімер Лапцэвіч
- Раман Папкоў
- Кацярына Карпіцкая