Чаго беларусам чакаць ад Джо Байдэна. Адказы дырэктаркі GLOBSEC Policy Institute

Джо Байдэн набраў дастатковую колькасьць галасоў электараў, каб зрабіцца прэзыдэнтам ЗША, паведамілі Associated Press, CNN, Fox News, NBC News і іншыя буйныя амэрыканскія СМІ на падставе папярэдніх вынікаў падліку галасоў.

На пытаньні Радыё Свабода пра пэрспэктывы «беларускай палітыкі» верагоднай новай адміністрацыі ЗША адказала дырэктарка базаванага ў Браціславе міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.

Сьцісла:

— Судовыя пазовы і пералік галасоў наўрад ці зьменяць пераможцу выбараў. Але наперадзе два хаатычныя месяцы, а ў больш доўгай пэрспэктыве ЗША будуць падзеленыя і занятыя ўнутранымі праблемамі. Гэта значыць, што ў амэрыканцаў будзе менш часу і рэсурсаў, каб рэагаваць на тое, што адбываецца ў сьвеце.

— Пры ўсёй рыторыцы Трампа, ягоная адміністрацыя праводзіла палітыку ўзмацненьня ўсходняга крыла NATO. Амэрыканскі прэсінг на краіны Заходняй Эўропы ў пытаньні выдаткаў на абарону быў на руку краінам Цэнтральнай Эўропы.

— Байдэн будзе выказвацца больш адназначна наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. Таксама будзе больш каардынацыі паміж адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША і Дзяржаўным дэпартамэнтам. Пры Трампу яны маглі часам праводзіць не зусім скаардынаваную палітыку адносна Беларусі. Цяпер Дзярждэпартамэнт атрымае больш паўнамоцтваў.

— Байдэн будзе больш каардынаваць зьнешнюю палітыку з Эўразьвязам, і гэта стварае магчымасьць новых узгодненых санкцыяў адносна ўладаў Беларусі.

— Абсалютна рэальны «плян Маршала для Беларусі», які паабяцаў падтрымаць Байдэн, — пакет эканамічнай падтрымкі, калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя зьмены. Аб’ём інвэстыцый, які для гэтага патрабуецца, зусім невялікі ў маштабах бюджэту ЗША.