Ціханоўская — страйкоўцам «Гродна Азоту»: Вашая адвага натхняе нас усіх

Страйк на «Гродно Азот»

Сьвятлана Ціханоўская правяла онлайн-размову з актывістамі прадпрыемства «Гродна Азот».

У гутарцы таксама ўдзельнічалі сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па эканамічных пытаньнях Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Фонду салідарнасьці Яраслаў Ліхачэўскі і актывістка ініцыятывы «Честные люди» Зарына Сарокіна.

Пра размову Ціханоўская паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

Падчас размовы Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «Гродна Азот» — гэта, безумоўна, прыклад для працоўных усёй краіны. «Ваша адвага натхняе ўсіх нас».

Паводле яе, супрацоўнікі «Гродна Азоту» расказалі, як людзі ў цэхах адмаўляюцца выходзіць на зьмены і як сілавікі чыняць ціск на страйкоўцаў. Работнікі адзначылі, што адміністрацыя прадпрыемства напалоханая салідарнасьцю супрацоўнікаў.