У Дзярждэпартамэнце ЗША патлумачылі, чаму ня лічаць Ціханоўскую законным лідэрам Беларусі

Дзярждэп ЗША

Злучаныя Штаты Амэрыкі ня лічаць нікога з удзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў законным лідэрам Беларусі, паведаміў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент 6 лістапада на тэлефонным брыфінгу.

Адказваючы на пытаньне, каго цяпер ЗША лічаць законным лідэрам Беларусі, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту адзначыў, што Злучаныя Штаты ня лічаць выбарчы працэс 9 жніўня свабодным або справядлівым.

«Фальсыфікаваныя вынікі, якія былі абвешчаныя празь некалькі дзён, ня могуць нікога легітымізаваць, і таму нам цяжка лічыць каго-небудзь, хто прэтэндуе на перамогу ў гэтых працэсах 9 жніўня, законна абраным лідэрам краіны», — сказаў Кент.

Разам з гэтым ён падкрэсьліў, што Вашынгтон «працягвае заклікаць да дыялёгу паміж беларусамі».

«Гэта было нашай палітыкай ад самага пачатку. У канчатковым выніку, хоць усіх нас турбуе тое, што адбываецца ў Беларусі, лёс Беларусі павінны вызначаць беларусы, а не пабочныя. І, як афіцыйныя асобы ЗША неаднаразова заяўлялі на працягу апошніх некалькіх месяцаў, рашэньне аб Беларусі застаецца за беларусамі. Гэта не праблема паміж Усходам і Захадам. Гэта ня сфэра канкурэнцыі паміж ЗША і Расеяй. Гэта павінны вырашаць беларусы. Мы лічым, што АБСЭ павінна адыграць пэўную ролю ў наладжваньні і аблягчэньні дыялёгу, але на справе гэта павінен быць дыялёг паміж беларусамі», — адзначыў Кент.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская

  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ж ганьба, зьдзек з гэтай дэмакратыі»,— Лукашэнка выказаўся пра выбары ў ЗША

ЗША з дапамогай розных праграм узмоцняць аказаньне дапамогі беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму, паведаміў Джордж Кент.

«Што да таго, як мы падтрымліваем беларусаў, якія вымушаныя ўцякаць з краіны, — існуе шэраг мэханізмаў і арганізацый, што дапамагаюць людзям, якія пакінулі краіны, дзе іх імкнуцца неабгрунтавана пасадзіць у турму. Я ня буду казаць пра падрабязнасьці, гэта самыя розныя арганізацыі, але ў ЗША ёсьць спосабы, якія добра сябе зарэкамэндавалі, па падтрымцы актывістаў, якія вымушаныя пакінуць свае краіны. Мы актывізуем гэтыя намаганьні і праграмы, каб дапамагчы ім перасяліцца і пачаць працу», — сказаў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША.