Беларускія спартоўцы ў сацыяльных сетках напісалі пра сьмерць ад каранавірусу вядомага спартыўнага лекара Валера Белана.
Спартовае выданьне tribuna.com цытуе баскетбалістку Кацярыну Сныціну:
«Ратаваў беларускі спорт раз за разам, дзень за днём, мэдаль за мэдалём, сустаў за суставам, даваў надзею спартсмэнам там, дзе ўжо, здавалася б, яе няма. Сотні, тысячы, дзясяткі тысяч спартсмэнаў прайшлі празь яго цёплыя рукі і велізарнае добрае сэрца... Ковід забірае без разбору. Беражыце сябе», — напісала Кацярына ў Інстаграме.
Спачуваньні родным і блізкім Валерыя Іванавіча таксама выказалі хакеіст Ільля Казнадзей і баскетбалістка Алена Леўчанка.
Спартовы лекар Валер Белан працаваў у складзе мэдычных дэлегацый на многіх Алімпійскіх гульнях у гісторыі сувэрэннай Беларусі.
Сытуацыя з COVID-19 у Беларусі, па афіцыйных зьвестках, становіцца напружанай: учора прырост за суткі склаў 991 новых інфікаваных, гэта рэкорд з пачатку пандэміі. Памерлі ўжо больш за тысячу чалавек.