Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн заявіў, што пераможа на выбарах прэзыдэнта ЗША з абсалютнай большасьцю галасоў. Аднак, паводле яго, пакуль яшчэ рана абвяшчаць перамогу.
Галоўнае. Сьцісла
- Байдэн апярэджвае Трампа ў колькасьці галасоў Калегіі электараў (253:214) і ў абсалютным падліку галасоў (74,4 млн:70,2 млн).
- Байдэн захапіў лідэрства ў чатырох апошніх ключавых штатах: Арызоне, Джорджыі, Нэвадзе і Пэнсыльваніі. У гэтых штатах засталося падлічыць ад 2% да 7% працэнтаў галасоў.
- Байдэн заявіў пра ўпэўненасьць ва ўласнай перамозе, але не абвясьціў яе
- Трамп засьцярог Байдэна ад абвяшчэньня перамогі, хоць сам рабіў гэта двойчы
- Судзьдзі штатаў адхілілі большасьць пазоваў рэспубліканцаў з патрабаваньнем спыніць падлік галасоў у шэрагу ключавых штатаў
- Вынікі галасаваньня онлайн
У канцы дня 6 лістапада Байдэн заявіў, што ён на шляху да таго, каб выйграць больш за 300 галасоў Калегіі электараў (значна больш за 270 неабходных для перамогі). Ён адзначыў, што прасунуўся наперад у ключавых штатах: Арызоне, Джорджыі і Пэнсыльваніі.
«24 гадзіны таму мы прайгравалі ў Джорджыі, цяпер мы наперадзе, і мы зьбіраемся перамагчы ў гэтым штаце. 24 гадзіны назад мы адставалі ў Пэнсыльваніі, цяпер мы зьбіраемся перамагчы», — сказаў ён.
«Лічбы зразумелыя. Мы перамагаем у гэтай гонцы», — сказаў Байдэн, выступаючы ў сваім выбарчым штабе ў Уілмінгтане (штат Дэлавэр) разам з калегай-сэнатарам Камалай Харыс.
Байдэн таксама заявіў, што ягонае лідэрства над прэзыдэнтам Дональдам Трампам у абсалютным падліку, якое цяпер складае каля 4 мільёнаў галасоў амэрыканцаў, — прыкмета таго, што выбаршчыкі «абралі перамены».
Хоць абсалютны падлік галасоў амэрыканцаў не вызначае пераможцу выбараў, Байдэн заявіў, што цяперашняя перавага дае яму «мандат для дзеяньня» і сьведчыць, што амэрыканцы хочуць, каб краіна «аб’ядналася, а не падзялілася на часткі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як галасуюць на выбарах у ЗША. АБНАЎЛЯЕЦЦА
Трамп перасьцярог Байдэна ад абвяшчэньня перамогі, хоць сам рабіў гэта двойчы
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які ілжыва заяўляў пра перамогу на выбарах 3 лістапада, папярэдзіў прэтэндэнта ад дэмакратаў Джо Байдэна не рабіць таго ж.
Байдэн наблізіўся да перамогі на выбарах, палепшыўшы свае пазыцыі ў штатах Пэнсыльванія, Арызона і Джорджыя, адначасова захаваўшы лідэрства ў Нэвадзе.
Пасьля паведамленьняў пра магчымы зварот Байдэна Трамп напісаў 6 лістапада ў твітэры, што той «не павінен незаконна абвяшчаць пра перамогу ў выбарах. Я мог бы таксама заявіць пра гэта. Судовыя разборы толькі пачынаюцца!»
Кампанія Трампа падала мноства пазоваў аб прыпыненьні падліку галасоў у некалькіх штатах. Судзьдзі штатаў адхілілі большасьць зь іх.
Трамп як мінімум двойчы ілжыва абвясьціў пра сваю перамогу, нягледзячы на тое, што падлік галасоў Калегіі электараў і абсалютны падлік галасоў яшчэ працягваўся.
Вярхоўны суд адхіліў просьбу рэспубліканцаў Пэнсыльваніі спыніць падлік бюлетэняў
Судзьдзя Вярхоўнага суду ЗША Сэмюэл Аліта адхіліў просьбу рэспубліканцаў Пэнсыльваніі неадкладна спыніць падлік бюлетэняў, якія прыбылі са спазьненьнем, ужо пасьля завяршэньня галасаваньня.
Рэспубліканцы падалі хадайніцтва 6 лістапада, калі дэмакрат Джо Байдэн апярэдзіў Дональда Трампа па выніках падліку галасоў у гэтым штаце, адным з ключавых.
Разам з тым Аліта загадаў акруговым выбарчым камісіям Пэнсыльваніі выконваць дырэктыву штата аб аддзяленьні бюлетэняў, якія паступілі па пошце пасьля завяршэньня галасаваньня ў 20:00, ад іншых бюлетэняў. Большасьць гэтых галасоў меркавана былі ў падтрымку Байдэна.
Рэспубліканцы кажуць, што гэтыя галасы неабходна ануляваць паводле закону штату Пэнсыльванія, і калі зьмяшаць іх зь іншымі бюлетэнямі, гэта зробіць немагчымымі любыя спробы іх дыскваліфікацыі. Разам з тым у запыце рэспубліканцаў не было прадстаўлена ніякіх доказаў таго, што бюлетэні ўжо былі зьмяшаныя.
Калі Байдэн пераможа ў Пэнсыльваніі і атрымае 20 галасоў тамтэйшай Калегіі электараў, гэта забясьпечыць ягоную перамогу з больш як 270 неабходнымі галасамі Калегіі.