Міжнародная праваабарончая арганізацыя PEN International выступіла з заявай на знак салідарнасьці зь дзеячамі культуры ў Беларусі, якія зазнаюць персьлед. ПЭН заклікае вызваліць усіх затрыманых за мірныя пратэсты і спыніць іх перасьлед.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сотні тысяч людзей, у тым ліку пісьменьнікі, мастакі, музы́кі і прадстаўнікі іншых творчых прафэсій выйшлі на мірныя пратэсты.
«За гэта яны зазналі арышты, зьбіваньні, зьнішчэньне інструмэнтаў, звальненьні», — гаворыцца ў заяве.
«Пісьменьнікі, мастакі і журналісты Беларусі пачалі пратэставаць супраць вынікаў жнівеньскіх выбараў. Замест таго, каб вырашаць гэтае пытаньне, урад пачаў арыштоўваць, пагражаць і запужваць, не шкадуючы нікога. Нашыя сябры ў Беларускім ПЭН-цэнтры таксама сталі часткай барацьбы і зазналі ціск. Нават нацыянальны скарб Беларусі, ганаровы віцэ-прэзыдэнт PEN International Сьвятлана Алексіевіч, атрымала пагрозы», — заявіў старшыня камітэту «Пісьменьнікі ў турме» Саліл Трыпаці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых музыкаў пакаралі арыштамі«Пісьменьнікі і дзеячы мастацтва ў Беларусі знаходзяцца ў цэнтры мірнага супраціву парушэньням у краіне і праз літаратуру, мастацкія творы, музыку і тэатральныя выступленьні паказваюць злоўжываньні з боку рэжыму Лукашэнкі», — заявіла прэзыдэнт ПЭН-клюбу Джэніфэр Клемэнт.
Міжнародны ПЭН-клюб шакаваны нападамі ўлады на творцаў і патрабуе неадкладна іх спыніць, а таксама вызваліць затрыманых, кампэнсаваць іх фізычныя і маральныя пакуты, аднавіць звольненых на працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскую настаўніцу, якая адбывае арышт, засудзілі яшчэ на 15 сутак, бо заклікала правесьці суботнік на могілкахРэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і журналістаў. Што важна ведаць
- Праваабаронцы «Вясны» задакумэнтавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньняў.
- Больш за 30 000 чалавек былі затрыманыя.
- На пратэстоўцаў завялі больш за 900 крымінальных спраў.
- Журналісты ў Беларусі адседзелі ўжо больш за 500 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Зафіксавана больш за 400 парушэньняў правоў журналістаў.
- У краіне 144 палітычныя вязьні.