Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч паведаміў Свабодзе, што 5 лістапада суд у Менску пакараў ягонага сына Станіслава 10 днямі арышту за публікацыі ў Фэйсбуку:
«Што ён там напісаў, я ня ведаю, не чытаў. На яго напісаў пратакол участковы міліцыянт. Тое, што гэта правакацыя супраць мяне, я гэта так разумею. Ужо ня першы раз робяцца розныя падыходы для гэтага, пачынаюць ціснуць праз сына і дачку, якія пратэстуюць, як і ўсе нармальныя беларусы».
Сыну былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу 36 гадоў, ён займаецца бізнэсам.
«На яго шукалі зачэпкі спачатку ў бізнэсе, яго нават затрымалі людзі ў цывільным, чатыры асобы, парушаючы ўсе нормы і правілы. Хацелі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Але не знайшлі зачэпак, як паведаміў адвакат, крымінальную справу не завялі, таму завялі гэтую адміністрацыйную справу», — сказаў Шушкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабарыка мне спадабаўся, для Канапацкай няма прыстойнага слова», — Шушкевіч пра падтрымку Сяргея Чэрачня і хаду выбарчай кампанііСтаніслаў Шушкевіч кажа, што ня робіць ацэнак і прагнозаў разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі:
«Я па стане здароўя ня ўдзельнічаю ў працэсах, я не магу хадзіць нармальна бяз кія, сто мэтраў прайду, ня болей. Цяпер у мяне мала інфармацыі, няма кантактаў, якія былі заўсёды, я слухаю прагнозы іншых і маўчу. Мне падабаецца, што мы сталі нацыяй, а не падабаецца, што мы ня моцна зьядналіся. Спадзяюся на лепшае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Станіслаў Шушкевіч і яшчэ 350 выпускнікоў фізфаку БДУ запатрабавалі новых выбараў