У Магілёве і Лідзе ўвялі абавязковы масачны рэжым

Магілёўскі шпіталь хуткай дапамогі

З 5 лістапада ў Магілёве ўсім неабходна насіць маскі ў грамадзкім транспарце і любых памяшканьнях, дзе немагчыма трымаць сацыяльную дыстанцыю. У Лідзе маскі трэба надзяваць пры ўваходзе ў крамы.

Афіцыйных дадзеных пра колькасьць хворых на COVID-19 у асобных рэгіёнах і гарадах не даюць зь вясны. Паведамляюць толькі агульную лічбу па краіне. За мінулыя суткі ў Беларусі — рэкордны прырост хворых за ўвесь час пандэміі: 991 чалавек.

Паводле інфармацыі з мэдычнага асяродзьдзя, у магілёўскім шпіталі № 1 ляжаць больш за паўтысячы хворых на СOVID-19.

У шпіталі хуткай дапамогі праз СOVID-19 закрылі на карантын двухпавярховы кардыялягічны корпус. У рэанімацыі павялічылі колькасьць ложкаў. Хварэюць і лекары.

У кастрычніку для пацыентаў з каранавірусам дадаткова перапрафілявалі 1179 ложкаў, 4 лістапада дадалі яшчэ 515 у дзьвюх лякарнях Магілёва.

У Лідзе і раёне з 5 лістапада абавязкова трэба надзяваць маску пры ўваходзе ў краму. Паводле прэсавай службы райвыканкаму, на лідзкі шпіталь «ідзе калясальная нагрузка» — ад каранавірусных пнэўманій там цяпер лечаць 350 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяр каранавірусу ў Беларусі перавысіла 1000 чалавек. За содні выявілі рэкордную колькасьць хворых