Палітзьняволеную Марыю Калесьнікаву адмовіліся вызваліць пад заклад і падоўжылі арышт да 8 студзеня

Марыя Калесьнікава.

6 лістапада сьледчыя падоўжылі тэрмін арышту сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Марыі Калесьнікавай. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе штабу Віктара Бабарыкі.

Раней ​сьледзтва адмовілася вызваліць пад заклад сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Марыю Калесьнікаву, паведаміла ТАСС яе адвакатка Людміла Казак.

Адвакатка ўжо прасіла перавесьці Калесьнікаву пад хатні арышт — адмовілі, пад асабістае паручальніцтва — адмовілі. Адвакатка яшчэ зьбіраецца прасіць вызваліць пад падпіску аб нявыезьдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатка Калесьнікавай падала заяву аб яе вызваленьні пад заклад. Палітзьняволеная цяпер на карантыне як кантакт першага ўзроўню

Гэтыя хадайніцтвы аргумэнтаваныя ў тым ліку тым, што шэраг іншых палітвязьняў раней вызвалілі з ізалятараў пасьля сустрэчы Лукашэнкі зь імі ў СІЗА КДБ. Калесьнікава на гэтую сустрэчу ехаць адмовілася.

Цяпер Калесьнікава, а таксама адвакат Максім Знак утрымліваюцца пад вартай у якасьці абвінавачаных па ч. 3 арт. 361 КК Беларусі (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці).

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітвязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябру прэзыдыюму КР Ліліі Ўласавай адмянілі хатні арышт і іншыя абмежаваньні

7 верасьня Марыю Калесьнікаву захапілі невядомыя ў цывільным, а потым спрабавалі гвалтам вывезьці ва Ўкраіну, але сябра Каардынацыйнай рады парвала пашпарт на мяжы і пакінула аўтамабіль падчас спробы прымусовай дэпартацыі з Беларусі. З санкцыі пракурора яна была ўзятая пад варту ў ноч на 8 верасьня.

16 верасьня ёй было прад’яўлена абвінавачаньне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу.