Праваабарончая супольнасьць лічыць, што артыкул 370 Крымінальнага кодэксу павінен быць дэкрыміналізаваны.
Суд Ленінскага раёну Берасьця 6 лістапада вынес прысуд у крымінальнай справе Ільлі Смольскага, якога абвінавацілі ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга паводле артыкулу 370 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», на ўчорашнім пасяджэньні дзяржаўная абвінаваўца Ціхановіч запрасіла для падсуднага адзін год абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстановы адкрытага тыпу (так званай хіміі) — гэта максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле.
Судзьдзя Грушко прызнаў Ільлю Смольскага вінаватым і прызначыў менавіта такое пакараньне.
Сьледзтва выявіла, што 16 верасьня каля гадзіны ночы нехта падышоў да будынка харэаграфічнай школы ў Берасьці і, падскочыўшы, тузануў дзяржаўны сьцяг, пры гэтым дзяржаньне зламалася і сьцяг упаў на зямлю. Затым чалавек пайшоў далей.
Абвінавачаны Смольскі заявіў, што віну прызнае цалкам. Аднак да гэтага на пытаньні аб прычынах свайго ўчынку казаў, што зрабіў гэта «па дурасьці» і што «не хацеў паказаць блюзьнерскага стаўленьня да сьцяга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За зьнішчаны сьцяг міліцыю абавязалі сплаціць віцебскаму актывісту 8 рублёў 30 капеекКаго яшчэ судзяць за падобнае
У судзе Ленінскага раёну Берасьця 5 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на жыхара Кобрыні, 17-гадовага Арцёма Зелянкова. Юнака абвінавачваюць у тым, што таксама зьняславіў дзяржаўны сьцяг, што падпадае пад дзеяньне артыкулу 370 Крымінальнага кодэксу.
Як выяўлена сьледзтвам, 27 верасьня каля фантана на вуліцы Савецкай у Берасьці хлопец, падобны на Зелянкова, спачатку спрабаваў падпаліць дзяржаўны сьцяг, а калі гэтага не атрымалася, то ён пачаў дзерці яго на кавалкі.
З боку абвінавачаньня прысутнічаў адзіны сьведка, опэрупаўнаважаны аддзелу крымінальнага вышуку Пазьняк Аляксандар Сяргеевіч. Відэа з абвінавачаным ён «знайшоў у інтэрнэце», на падставе яго і склаў рапарт. Арцём віну прызнаў цалкам.
Адразу дзьве крымінальныя справы за зьнявагу дзяржаўных сьцягоў заведзеныя ў Гомлі.
Падчас акцыі пратэсту 16 жніўня невядомыя на плошчы Леніна спусьцілі з мачты дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь, абматалі вакол шаста, а празь некаторы час скруцілі яго і паклалі каля агароджы Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. На ягонае месца паднялі бел-чырвона-белы сьцяг. Цяпер Сьледчы камітэт вывучае відэазапісы, канфіскаваныя з камэр вулічнага відэаназіраньня, і дапытвае сьведак, каб высьвятліць людзей, якія гэта зьдзейсьнілі.
У іншым выпадку ўжо знайшлі вінаватага. Падчас акцыі пратэсту ў Гомлі жыхар абласнога цэнтру Георгі Васіленка спусьціў з мачты дзяржаўны сьцяг і ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг, а сарваны сьцяг выкінуў ў сьметніцу. Слуханьні ў гэтай справе пачнуцца 17 лістапада ў 10:00 у судзе Цэнтральнага раёну Гомля.
Праваабарончая супольнасьць Беларусі заявіла, што артыкул 370 Крымінальнага кодэксу павінен быць дэкрыміналізаваны, за такія ўчынкі ня можа быць крымінальнага пакараньня.