У Славаччыне кампартыю Чэхаславаччыны прызналі злачыннай арганізацыяй

Савецкі кіраўнік Леанід Брэжнеў і генэральны сакратар кампартыі Чэхаславаччыны (этнічны славак) Густаў Гусак, Масква, 1977

Парлямэнт Славаччыны 4 лістапада прыняў папраўкі да заканадаўства, у адпаведнасьці зь якімі ў краіне будзе забаронена называць вуліцы і іншыя грамадзкія прасторы імёнамі прадстаўнікоў камуністычнага, фашысцкага і нацысцкага рэжымаў. Таксама забараняецца разьмяшчаць на помніках і мэмарыяльных дошках сымболіку гэтых рэжымаў.

Паводле паправак да дзейнага з 1996 году закону аб антыпраўным і амаральным характары камуністычнага рэжыму, Камуністычная партыя Чэхаславаччыны (КПЧ) і яе славацкая філія абвяшчаюцца злачыннымі арганізацыямі.

У выглядзе выключэньня можна будзе называць вуліцы ў гонар тых прадстаўнікоў таталітарных рэжымаў, якія пасьля пачалі зь імі змагацца. Пра тое, ці магчымае выключэньне, вэрдыкт будзе выносіць Інстытут нацыянальнай памяці. Гаворка можа ісьці аб такіх спрэчных выпадках, як, напрыклад, былы першы сакратар ЦК КПЧ Аляксандр Дубчак, які ўзначальваў кампартыю падчас «Праскай вясны» у 1968 годзе. Ён падтрымаў дэмакратычныя перамены ў краіне і пасьля быў кіраўніком парлямэнту ўжо дэмакратычнай Чэхаславаччыны.

Закон забараняе называць вуліцы і ў гонар прадстаўнікоў Славацкай дзяржавы, якая падчас Другой усясьветнай вайны была сатэлітам нацысцкай Нямеччыны.

Камуністычная партыя заставалася ва ўладзе ў Чэхаславаччыне, часткай якой была Славаччына, з 1948 па 1989 год. У гэты час краіна ўваходзіла ў «савецкі блёк». Сотні тысяч грамадзян зазналі палітычныя рэпрэсіі.