Аляксандар Лукашэнка заявіў, што хацеў быў збудаваць яшчэ адну атамную электрастанцыю.
Пра тое, што адкрыцьцё Беларускай АЭС у Астраўцы адкрыюць 7 лістапада, паведаміў блізкі да Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого».
«Дарэчы, заўтра адкрываюць АЭС. А тым, хто перажывае за лішак электраэнэргіі, прэзыдэнт адказаў ужо сёньня: «Электраэнэргіі будзе дастаткова. Нашы пратэстуны плачуць, што няма куды яе падзець. Слухайце, як няма куды падзець электраэнэргію? Нам яшчэ трэба адну такую станцыю пабудаваць, каб адысьці ад залежнасьці ў вуглевадародах. Гэта шчасьце, падарунак».
Першы рэактар БелАЭС быў падключаны да энэргетычнай сеткі 3 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы энэргаблёк БелАЭС уключылі ў энэргасыстэму. Літва ў адказ заблякавала пастаўкі электрычнасьці зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Беларусі прыдумалі, як спажываць 15,5% энэргіі з АЭС у АстраўцыШто варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.