Зь менскіх заводаў масава звольнілі новых чальцоў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя каля Менскага заводу колавых цягачоў 20 жніўня 2020 году

З шэрагу менскіх заводаў масава звольнілі чальцоў наваствораных пярвічных арганізацый Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (сяброўская арганізацыя Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў), паведаміў 5 лістапада старшыня СПМ Аляксандар Бухвостаў, піша БелаПАН.

Паводле яго, апошнія падзеі ў Беларусі выклікалі цікавасьць да незалежнага прафсаюзнага руху ў многіх работнікаў прадпрыемстваў: у выніку ў кастрычніку прафсаюзныя суполкі СПМ утварыліся на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова (МЭТЗ), «Белкамунмашы», Менскім заводзе колавых цягачоў (МЗКЦ). Цяпер у іх уваходзіць прыблізна 100, 40 і 30 работнікаў адпаведна.

«Але мы сутыкнуліся з тым, што адміністрацыі пад націскам улады, спэцслужбаў пачынаюць тэрарызаваць нашы арганізацыі, масава звальняць чальцоў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў», — адзначыў Бухвостаў.

Паводле яго, СПМ сутыкнуўся з выпадкамі звальненьня на шэрагу прадпрыемстваў, дзе ўжо стварылі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, зарэгістравалі іх, паставілі на ўлік у радзе прафсаюзу. Так, з МЭТЗ звольнілі 25 работнікаў — чальцоў «пярвічкі», яшчэ адна работніца звольнілася па ўласным жаданьні. Зь «Белкамунмаша» звольнілі 12 работнікаў, з МЗКЦ — 9.

«Звальняюць кіраўнікоў арганізацый, таму амаль усе арганізацыі, якія мы стварылі, сёньня абезгалоўленыя», — падкрэсьліў Бухвостаў.

Старшыня пярвічнай арганізацыі СПМ на МЭТЗ Віталь Чычмароў кажа, што ціск з боку адміністрацыі пачаўся ў кастрычніку, калі некаторыя работнікі запісалі відэа, у якім заявілі пра выхад зь Беларускага прафсаюзу работнікаў галін прамысловасьці, што ўваходзіць у склад праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А калі кіраўніцтва апавясьцілі пра стварэньне на заводзе пярвічнай арганізацыі СПМ, пачаліся звальненьні.

Чычмароў цяпер зьбірае дакумэнты, зьвязаныя са звальненьнем з МЭТЗ чальцоў незалежнага прафсаюзу, каб зьвярнуцца ў суд.