Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны падрыхтавала праект прагнознага балянсу электрычнай энэргіі на 2021 год, у якім не прадугледжана паставак электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.
Аб’яднаная энэргетычная сыстэма Ўкраіны будзе генэраваць электрычнасьць на сваіх атамных, гідра- і цеплаэлектрастанцыях, а таксама сонечную і ветравую энэргію на альтэрнатыўных магутнасьцях. Паводле папярэдніх плянаў, Украіна мае намер захаваць імпарт электраэнэргіі зь іншых эўрапейскіх краін, у тым ліку са Славаччыны і Вугоршчыны.
Дакладныя абʼёмы стануць вядомыя пасьля публікацыі зацьверджанага энэргабалянсу.
«Прагнозны балянс падрыхтаваны своечасова, і ў ім максымальна ўлічаныя прапановы энэргетычных кампаній, графікі рамонтаў энэргаблёкаў атамных і цеплавых электрастанцый, чаканыя аб’ёмы вытворчасьці абʼектамі аднаўляльнай энэргетыкі, якая патрабуе яшчэ дадатковага балянсаваньня», — заявіла выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Ўкраіны Вольга Буславец.
Паводле яе, прагнозны балянс на 2021 год не прадугледжвае паставак электраэнэргіі з Расеі і Беларусі, а таксама продажу ў гэтыя краіны ўкраінскай электраэнэргіі.
Раней Беларусь была сярод найбуйнейшых пастаўшчыкоў электраэнэргіі ва Ўкраіну
Летась Украіна плянавала закупіць у 2020 годзе ў Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі і зьвязвала гэтыя пляны з запускам Беларускай АЭС. Пры гэтым у Кіеве падкрэсьлівалі, што такія пастаўкі будуць ажыцьцяўляцца выключна на ўнутраны рынак, а не для далейшага рээкспарту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы энэргаблёк БелАЭС уключылі ў энэргасыстэму. Літва ў адказ заблякавала пастаўкі электрычнасьці зь Беларусі
Тады ж бакі заявілі пра намер пабудаваць новыя электрасеткі. Найперш — між украінскай Ровеншчынай і беларускай Берасьцейшчынай. Плянавалі таксама мадэрнізаваць паветраныя лініі электраперадачы, якія ўжо існуюць: Мазыр — Чарнобыльская АЭС і Гомель — Чарнігаў.
У 2019 годзе Беларусь уваходзіла ў пералік найбуйнейшых пастаўшчыкоў электраэнэргіі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна запатрабавала роўнага доступу на энэргарынак Беларусі, разглядае забарону на пастаўкі беларускай энэргіі да 2022 годуАле сёлета ў красавіку пастаўкі спыніліся спачатку на час карантыну, а потым іх забаранілі зусім. Украіна зьвязвала аднаўленьне куплі ў Беларусі электраэнэргіі з адкрыцьцём беларускага рынку для ўкраінскай энэргіі.