Сьледчы камітэт адмовіўся заводзіць крымінальную справу па заяве былога лагойскага ратавальніка Юрыя Крывашэя. Ён апублікаваў тэкст афіцыйнага адказу ў сваім твітэры.
У адмове, якую падпісаў сьледчы І. Караткевіч, гаворыцца, што рашэньне прынялі на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Гэты пункт азначае «адсутнасьць ў дзеяньні складу злачынства».
Юрыя Крывашэя затрымалі 11 верасьня, калі ён з жонкай і чатырохмесячным дзіцем ехаў на сваёй машыне ў краму. Інспэктар ДАІ папрасіў яго выйсьці з аўтамабіля, пасьля чаго мужчыну зацягнулі ў бусік некалькі чалавек у чорнай форме, масках і без апазнавальных знакаў. У аўтамабілі яго пабілі і завезьлі ў аддзяленьне міліцыі. Там ён некалькі гадзін ляжаў з рукамі за сьпінай у падвале. Потым мужчыну прынесьлі падпісаць заяву на звальненьне зь Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і асудзілі на 10 сутак. Яму заявілі, што ён адмаўляўся паказаць інспэктару ДАІ дакумэнты і праехаць у РАУС для высьвятленьня асобы.
Крывашэй кажа, што ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, якія праходзілі ў горадзе, але актыўна выступаў у гарадзкім тэлеграм-канале і чаце аб мясцовай ДАІ.
Пасьля вызваленьня мужчына засьведчыў сьляды ўдараў і напісаў заяву ў Сьледчы камітэт.
Такіх заяваў было каля 2000, спраў няма
Беларусы падалі больш за 2 тысячы заяў пра гвалт і катаваньні з боку сілавікоў пасьля 9 жніўня. Дагэтуль Сьледчым камітэтам не заведзеная ніводная справа, фармальна працягваюцца праверкі.
Не заведзеныя таксама справы аб гібелі людзей падчас разгонаў акцый пратэсту, у тым ліку сьмерці жыхара Менску Аляксандра Тарайкоўскага.
Чакаецца, што ў лістападзе сьледчыя органы павінны даць адказы на гэтыя заявы.